Крамы бяспошліннага гандлю Duty Free на ўездзе ў Беларусь з’явяцца ў чатырох пунктах пропуску. Пра гэта паведамляе Белтэлерадыёкампанія са спасылкай на Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, піша TUT.BY.

Крамы Duty Free на ўездзе ў Беларусь адкрыюць у пунктах пропуску «Катлоўка» (на мяжы з Літвой), «Новая Рудня» і «Макраны» (з Украінай), «Казловічы» (з Польшчай).

Яны будуць размешчаны да зоны мытнага кантролю. Касавае абсталяванне ў гэтых крамах будзе забяспечваць блакаванне продажу алкагольнай і тытунёвай прадукцыі звыш устаноўленых нормаў іх бяспошліннага ўвозу фізічнымі асобамі. «Іншымі словамі, у магазіне бяспошліннага гандлю нельга будзе набыць звыш 3-х літраў алкаголю і 200 штук цыгарэт», — растлумачылі ў ДМК.

У Беларусі ўжо працуюць крамы Duty Free пры ўездзе. Першы магазін адкрыўся ў чэрвені 2018 гадоў ў пункце пропуску «Бераставіца». Затым з’явілася крама ў Нацыянальным аэрапорце.

На гэтым тыдні прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 476, згодна з якім у адным аўтадарожным пункце пропуску на ўездзе ў Беларусь можа быць толькі адна крама Duty Free. Паводле інфармацыі TUT.BY, плануецца, што крамы адкрыюць «Дыпмаркет» УДП і «Маркетліга», падкантрольная «Белмытнясэрвіс» і Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу.

Усяго ў Беларусі дзейнічае 70 крамаў Duty Free. Акрамя двух згаданых кампаній, буйнымі гульцамі з’яўляюцца «Беламаркет д’юці фры» ўкраінскага бізнэсоўца з беларускімі каранямі Артура Гранца і «Беламаркет Хелена Валеры» Алены Скрыпель, якая ўзначальвае Беларускую асацыяцыю гімнастыкі.