Мінск і Масква канцэптуальна дамовіліся па энерганосьбітах, цэны вызначаць у бліжэйшыя дні. Пра гэта заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля перамоваў з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным. Гэта другая сустрэча прэзідэнтаў за гэты месяц, піша tut.by.

– Сёння мы даручылі кіраўнікам групы – Крутому і Арэшкіну – праінфармаваць пра тое, якія пытанні знятыя. Натуральна, засталіся самыя складаныя пытанні. Але толькі ў лічбах – энерганосьбіты. Але канцэптуальна дамовіліся, што ў будучым годзе Беларусь купляе ў Расійскай Федэрацыі прыкладна 20 млрд куб. м газу. Абмежаванняў тут няма. Можна і 22 млрд куб.м. З уводам атамнай станцыі, вядома, мы на 4-5 млрд куб. м менш будзем закупляць. Таму па аб’ёмах мы дамовіліся, і па нафце дамовіліся, што купім у Расеі 24-25 млн т нафты. Цэны будуць не вышэй за ўзровень бягучага 2019 года, — перадае словы прэзідэнта яго прэс-служба.

«Па нафце на працягу двух дзён будзе кошт. А па газе, думаю, 2-3 дня. У аўторак у “Газпроме” спецыялісты сустрэнуцца, і ўжо будуць канкрэтныя лічбы. Але ў цэлым цана застаецца на ўзроўні бягучага года», – удакладніў прэзідэнт.

Лукашэнка таксама распавёў, што перагаварыць з Пуціным па тэлефоне ў бліжэйшы час, і калі спатрэбіцца, то прэзідэнты прызначаць сустрэчу да канца гэтага года або ў пачатку наступнага.

– Ёсць у нас там пара праблем, якія мы павінны вырашыць, – прэзідэнцкія пытанні. І ў выніку размовы, калі нам спатрэбіцца сустрэча, вядома, мы ў любы час, у любым месцы, у Расіі ці ў Беларусі, сустрэнемся.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў цэлым бакі задаволеныя ходам перамоваў.

Раней кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Максім Арэшкін заявіў, што Расія і Беларусь па выніках сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін не знялі супярэчнасці па самых вострых пытаннях двухбаковага парадку.

Дзейны дагавор аб пастаўках расейскага газу ў Беларусь мінае 31 снежня. Цяпер Беларусь купляе яго за 127 даляраў за тысячу кубаметраў. Але Менск хацеў бы знізіць кошт у 2 разы, гэта значыць атрымаць цану на газ «на ўзроўні найблізкай Смаленскай вобласці плюс транспарціроўка».

На 2019 і 2020 гады баланс паставак расійскай нафты – 24 млн тон. У бягучым годзе фактычна перапрацавана толькі 18 млн тон. Астатні аб’ём Беларусь «перамытняла» і зарабляла за кошт пошліны ад продажу расійскай нафты. У 2020 годзе «перамытнення» не будзе.