У Гальшанах працягваюцца працы па рэстаўрацыі замка. Зараз будаўнікі прыступілі да добраўпарадкавання тэрыторыі. Каля помніка архітэктуры будуць зробленыя дарожкі з асвятленнем, візіт-цэнтр з сувенірнай крамай, санітарныя памяшканні і стаянка для аўтамабіляў, паведамляе TUT.BY са спасылкай на «Ашмянскі веснік».

Гальшанскі замак — помнік архітэктуры першай паловы XVII стагоддзя, быў пабудаваны ў якасці рэзідэнцыі падканцлера Вялікага княства Літоўскага Паўла Стэфана Сапегі. Ён не пакінуў нашчадкаў, а таму, застаўшыся без гаспадара, замак стаў пераходзіць з рук у рукі - і ў выніку пачаў разбурацца. Доўгі час замак існаваў у руінах, але у 2018 годзе атрымаў шанец на другое жыццё.

Фото: osh.by
Фота: osh.by

Помнік архітэктуры ўнеслі ў праграму рэстаўрацыі. Работы фінансуюцца з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва. Праўда, замак цалкам не аднаўляюць. Большую яго частку закансервуюць, а вось Паўночную вежу, якая лепш за ўсё захавалася, адновяць цалкам.

Фото: osh.by
Фота: osh.by

І тут, мяркуючы па фатаграфіях, практычна ўсе работы выкананы. На апошнім паверсе вежы размесцяць назіральную пляцоўку.

Зараз рабочыя добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол замка.