Гродзенскую вобласць у парламенце шостага склікання прадстаўляла трынаццаць дэпутатаў. Трое з іх — Лілія Кір'як, Тамара Далгашэй і Аляксандр Маркевіч — застануцца на другі тэрмін, астатнія перададуць паўнамоцтвы сваім пераемнікам. TUT.BY даведаўся, як складзецца далейшы лёс экс-парламентарыяў. Праўда, многія з дэпутатаў ад Гродзеншчыны пакуль яшчэ не вырашылі, чым будуць займацца і дзе будуць працаваць. Кажуць: ёсць прапановы, але ўсё трэба сур’ёзна абдумаць.

Так, дэпутат мінулага склікання па Ваўкавыскай акрузе 63-гадовы Аляксандр Сягоднік, па словах яго памочніцы Марыі Пякарскай, пакуль не гатовы агучыць, дзе будзе працаваць. Ёсць, кажа, прапановы, над якімі былы дэпутат зараз думае. Аляксандр Сягоднік ў 2016 годзе быў паўторна абраны ў парламент, да гэтага ён быў дэпутатам пятага склікання, дзе быў старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы (падчас працы шостага склікання — намеснікам старшыні гэтай жа камісіі). А яшчэ раней — працаваў начальнікам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Сяргей Пацэвіч, які быў абраны дэпутатам па Гродзенска-Занёманскай акрузе аб сваёй будучай дзейнасці расказаць нічога не можа.

— У пошуку, — адказвае коратка.

Да працы ў парламенце 60-гадовы Сяргей Пацэвіч быў начальнікам галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама, а яшчэ раней узначальваў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Гродна.

Віктар Русак (Гродзенска-Кастрычніцкая акруга) вяртаецца працаваць на ААТ «Гроднаазот». Праўда, на якую пасаду — пакуль не вядома. Да абрання ў парламент Русак працаваў начальнікам упраўлення сацыяльнага развіцця адкрытага акцыянернага таварыства «Гродна Азот». А ў парламенце ў яго падпарадкаванні былі пытанні прамысловасці, паліўна-энергетычнага комплексу, транспарту і сувязі.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Сяргей Літвін, які быў абраны па Гродзенскай сельскай акрузе, вяртаецца на сваё ранейшае працоўнае месца — будзе кіраваць Скідзельскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэем. У парламенце ён працаваў па сваім профілі - быў членам пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы.

Педагог і эканаміст па адукацыі Андрэй Навумовіч (Лідская акруга) быў дэпутатам і пятага, і шостага скліканняў, а да гэтага ўзначальваў Карэліцкі раённы Савет дэпутатаў, крыху пазней — Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў.

— А я ўжо працую — начальнікам Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Што будзе далей — паглядзім, — распавёў Андрэй Навумовіч. Гэтую пасаду ён займае з красавіка 2019 года.

Валерый Саўко, які быў дэпутатам ад Шчучынскай акругі, пакуль з будучым месцам працы не вызначыўся, праўда, кажа, ёсць розныя прапановы, над якімі ён думае.

Да таго як патрапіць у парламент, Валерый Саўко абіраўся дэпутатам Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Шмат гадоў узначальваў Гродзенскую абласную выбарчую камісію па выбарах прэзідэнта і Гродзенскую абласную выбарчую камісію па выбарах мясцовых дэпутатаў.

А вось Ала Сопікава, якая два разы абіралася ад Слонімскай акругі і была дэпутатам пятага і шостага скліканняў, на працу выходзіць не збіраецца.

— Не ўладкоўваюся на працу і планую адпачываць, таму што я дасягнула пенсійнага ўзросту. Але пры гэтым усё-ткі планую займацца грамадскай дзейнасцю. Напрыклад, я курырую інавацыйныя праекты ў некаторых навучальных установах, як у Мінску, так і ў сваёй акрузе. У прыватнасці, у Зэльвенскім раёне існуе праект ўкаранення камп’ютэрных тэхналогій у сістэму прафтэхадукацыі. Зараз мы выходзім на эксперымент укаранення эстонска-фінскай сістэмы адукацыі. Але гэта ўсё будзе праца на грамадскіх пачатках. Вось такія ў мяне планы. А яшчэ хацелася б праводзіць больш часу са сваёй сям’ёй. Бо працы надала ўжо дастаткова часу, час пабыць са сваімі роднымі, — распавяла былы дэпутат.

Да працы ў парламенце Ала Сопікава працавала дырэктарам сярэдняй школы № 9 Слоніма. Была дэпутатам Слонімскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання, старшынёй савета дырэктараў устаноў адукацыі Слонімскага раёна. Атрымала званне «Чалавек года Гродзеншчыны — 2011». У парламенце займалася пытаннямі права і заканадаўства, была адказная за некалькі законапраектаў.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Аб планах яшчэ двух дэпутатаў ад Гродзенскай вобласці - Адама Кавалько, які абіраўся ад Смаргонскай акругі, і Вольгі Папко, якая ішла ў парламент ад Навагрудскай акругі, — TUT.BY даведацца не ўдалося.

Адаму Кавалько 61 год. Ён быў дэпутатам і пятага, і шостага скліканняў. Да гэтага працаваў старшынёй Астравецкага райвыканкама. У парламенце ўваходзіў у пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

45-гадовая Вольга Папко па адукацыі - педагог. Працавала настаўнікам у Брэсце, потым старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры філасофіі і культуралогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта, а потым дырэктарам музея «Замкавы комплекс „Мір“». У парламенце была намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах.