Што Маці-328 думаюць пра амністыю асуджаных за наркотыкі

Міністр унутраных справаў днямі заявіў, што ягоныя падначаленыя зменяць падыход да барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў. Актывістка Руху маці 328 Ларыса Жыгар пазітыўна ацаніла памкненні кіраўніка МУС.

У інтэрв’ю Юрый Караеў падкрэсліў, што нацэльвае ведамства на барацьбу з наркабаронамі, а не тымі, «хто аднойчы спатыкнуўся». Ларыса Жыгар у каментары belsat.eu сказала, што, між іншага, гэтага дамагаліся бацькі і сваякі зняволеных паводле наркатычнага артыкулу.

«Можна сказаць, што Юрый Караеў знайшоў добры падыход. І ён як асоба, і ягоны падыход вельмі адрозніваюцца ад асобы і падыходу Ігара Шуневіча. Мы хадзілі да Наталлі Качанавай два разы з сур’ёзнымі зваротамі, каб паказаць, як сітуацыя выглядае насамрэч. І думаю, калі яна гэтую сітуацыю падавала Шуневічу, ён інфармацыю ўспрымаў зусім па-іншаму».

Ларыса Жыгар зазначыла, што амністыя працягваецца і цяпер выпускаюць перадусім тых, каму заставалася сядзець не больш за год. Тыя, у каго даўжэйшыя тэрміны, выходзяць умоўна-датэрмінова, або ім замяняюць вырак на мякчэйшы. Таксама актыўна выкарыстоўваць папраўку ў артыкул 328 (мінімальны тэрмін пазбаўлення волі скарацілі на 2 гады).

Паводле Ларысы Жыгар, у адзінай на ўсю Беларусь выхаваўчай калоніі для няпоўнагадовых, дзе ў двух атрадах з трох адбываюць пакаранне асуджаныя за наркотыкі, засталося ўсяго 27 чалавек.

Напрыканцы кастрычніка Лукашэнка заявіў, што прапановы і просьбы бацькоў асуджаных паводле наркатычных артыкулаў варта вывучаць, а судзейскі корпус зарыентаваць на больш гнуткае ўжыванне пакаранняў.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: