Жыхар Магілёва Аляксандр Паўлаў, які балатаваўся ў дэпутаты па Магілёўскай-Ленінскай акрузе № 84, па якой вылучаўся і Ігар Марзалюк, запатрабаваў пераліку галасоў на выбарчым участку. Камісія напісала яму 12 галасоў, што на думку палітыка, не адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаіснасці, паведамляе belsat. eu са спасылкай на mspring.online.

Экс-кандыдат Аляксандр Паўлаў накіраваў скаргу ў акруговую выбарчую камісію, паколькі, на яго думку, лічбы ў пратаколе несапраўдныя.

«На гэтым жа ўчастку знаходзіцца мой бацькоўскі дом, дзе я пражыў 23 гады. Тут жывуць дзве давераныя асобы. У перыяд збору подпісаў менавіта тут было сабрана больш за ўсё подпісаў. Лагічна, што вынік павінен быў быць вышэй», — напісаў Аляксандр Паўлаў у сваёй скарзе.

Адметна, што акруговая выбарчая камісія прызнала, што Аляксандр Паўлаў меў рацыю і ў выніку сябры камісіі адзначылі, што сакратар і кіраўнік участка ў пратаколе дапусцілі памылку, бо няслушна ўпісалі дадзеныя 5 кандыдатаў з 6.

Але ў выніку Аляксандру Паўлаву адмовілі ў пераліку бюлетэняў, толькі распавялі, што ён атрымаў 89 галасоў. Таксама ў акруговай камісіі заявілі, што старшыня і сакратар ужо панеслі пакаранне. Якое — не ўдакладнілі.