Пры будаўніцтве новых шматпавярховых дамоў або рэканструкцыі старых у Беларусі будзе абавязкова абсталёўваць будынкі ліфтамі, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на БЕЛТА.

Цяпер ліфты не абавязковыя ў будынках да 5 паверхаў або 14 мэтраў. Але пасьля зацьверджаньня новых будаўнічых нормаў для «жылых будынкаў» ліфты стануць абавязковымі для любых дамоў.

Незалежна ад колькасьці паверхаў «будзе стварацца безбар’ернае асяродзьдзе». Гэта ня тычыцца ўсіх старых будынкаў — толькі тых, дзе праводзіцца рэканструкцыя. Невядома, ці будуць ставіць ліфты пры капітальным рамонце тых жа «хрушчовак», якія найчасьцей будаваліся 5-павярховымі і бязь ліфтаў.

Чакаецца, што зьмены набудуць моц ад 1 сакавіка. На якім юрыдычным этапе цяпер прыняцьце нормы для жылых будынкаў, не ўдакладняецца, але Мінархітэктуры паведамляе, што частка пакету нормаў ужо ўхваленая, яшчэ частка «ўзгодненая для зацьверджаньня ў лістападзе».