«Радыё Свабода» сабрала разам афіцыйныя лічбы ад Цэнтральнай выбарчай камісіі па выніках выбараў дэпутатаў і склала мапу анамальных акругаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў — усё. Але ЦВК працягвае публікаваць справаздачнасьць па галасах выбаршчыкаў. Глядзім, якія лічбы выглядаюць дзіўнымі.

«Анамальная» акруга Марыі Васілевіч

«Міс Беларусь» Марыя Васілевіч, паводле ЦВК, выйграла выбары і стала дэпутаткай парлямэнту. За яе на Кальварыйскай акрузе № 104 налічылі 11 683 галасы. А, напрыклад, за кандыдата ад АГП Мікалая Маслоўскага — толькі 1845. У дзень выбараў Свабода апытала дзесяць выбарцаў на адным з участкаў гэтай акругі, за Марыю свой голас зь іх аддала толькі адна бабуля.

Але і гэта ня самае дзіўнае. На гэтай акрузе бюлетэні атрымалі 40 499 выбарцаў, а прагаласавалі 40 031. Гэта значыць, 468 бюлетэняў кудысьці проста зьніклі.

«Столькі бюлетэняў не маглі вынесьці з участку, вы што?! Але куды яны дзеліся, можа патлумачыць старшыня камісіі, а яе цяпер няма», — сказалі Свабодзе ў Кальварыйскай акруговай камісіі № 104.

У цэнтральнай выбарчай камісіі Tut.by сказалі, што «гэта праява грамадзянскай пазыцыі». То бок, на іх думку, бюлетэні ўсё ж маглі зьнесьці выбарцы.

368 прыхільнікаў Аланы Гебрэмарыям

Алана Гебрэмарыям — адна з самых яркіх удзельніц гэтых выбараў, што было відаць хаця б па ўвазе журналістаў да яе. Агулам на пікеты «Моладзевага блёку», у які ўваходзіла Алана, зьбіраліся сотні чалавек.

Вынік — па лічбах ЦВК за Алану прагаласавалі 368 чалавек, або 0,81% выбарцаў. Свабода ў дзень выбараў была на адным з участкаў гэтай акругі, за Алану там галасавалі 3 чалавекі з 10 апытаных. Амаль кожны трэці.

1500 выбаршчыкаў ня ўмеюць галасаваць?

У Бярэзінскай выбарчай акрузе № 61 Менскай вобласьці 1503 бюлетэні прызналі несапраўднымі. Як сказалі Свабодзе ў акрузе, гэта ня значыць, што «яны сапсаваныя, сапсаваных у нас якраз няма». То бок 1500 чалавек проста ня там паставілі галачку ці паставілі некалькі такіх галачак. Як такое можа быць, незразумела, бо гэта амаль 3% выбаршчыкаў.

На гэтай акрузе супраць усіх прагаласавалі 7848 выбаршчыкаў, і гэта рэкорд. Перамог тут Ігар Лаўрыненка, вайсковец, генэрал-маёр. У яго быў усяго адзін супернік — Уладзімер Моніч ад ЛДП.

«У вас сумленьня няма»

На акрузе, дзе дэпутатам стаў Генадзь Давыдзька, кудысьці падзеліся 279 бюлетэняў: выбарцам выдалі 42 123, а прагаласавалі — 41 844. Яшчэ 295 чалавек прагаласавалі няправільна, то бок іх бюлетэні прызналі несапраўднымі. На адным з участкаў гэтай акругі за выбарамі назірала менская айцішніца Ганна Толчыкава. Па яе падліках, у дзень выбараў прыйшлі галасаваць толькі 300 чалавек.

А згодна за падлікамі выбарчай камісіі, толькі за Давыдзьку на ўчастку прагаласавалі 350 чалавек. Пасьля на выхадзе з участку дзяўчына запісала эмацыйнае відэа паводле сваіх назіраньняў.

Студэнты прагаласавалі за дзейнага дэпутата?

Паўднёва-Заходняя выбарчая акруга № 99 — гэта ў асноўным студэнцкія ўчасткі, бо тут шмат інтэрнатаў. Па гэтай акрузе ішоў у дэпутаты нядаўні студэнт юрфаку БДУ Стас Шашок. За яго, па зьвестках камісіі, прагаласавалі 779 чалавек. А за дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Камароўскага — 20 тысяч, і ён зноўку стаў дэпутатам.

На ўчастку 286 за Стаса Шашка камісія налічыла толькі 46 галасоў, а па назіраньнях даверанай асобы гэтага кандыдата Пятра Маркелава такіх галасоў было некалькі соцень. Калі Шашок з Маркелавым запатрабавалі пералічыць галасы, іх абодвух забралі ў міліцыю. На Пятра Маркелава склалі пратакол аб дробным хуліганстве.

Самыя адказныя выбаршчыкі — у Быхаўскім раёне

У Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 самыя сумленныя выбаршчыкі — там яўка склала 95%, і гэта яшчэ адзін рэкорд. 473 чалавекі тут не змаглі прагаласаваць правільна — іх бюлетэні прызналі несапраўднымі, а тры бюлетэні былі вынесеныя з участку. Дэпутатам тут стаў чыноўнік ад адукацыі Сяргей Сыранкоў, сябра камуністычнай партыі.