Антуан прыехаў у Гродна з В’етнама больш за 25 гадоў таму. Спачатку працаваў тут на абутковай фабрыцы, потым заняўся гандлем — і нарэшце на рынку «Паўднёвы» адкрыў адзінае ў абласным цэнтры кафэ з в’етнамскай кухняй «Nem Ханой». Кажа, усё з-за настальгіі па радзіме: вельмі бракавала яму ў Беларусі свайго кулінарнага месца, дзе збіраліся б суайчыннікі і дзе заадно можна было б пазнаёміць гродзенцаў з в’етнамскай кухняй. Рынак абраў невыпадкова: працаваў тут шмат гадоў. Фармат установы — просты і дэмакратычны, такія кропкі грамадскага харчавання вельмі распаўсюджаныя і папулярныя ў В’етнаме, паведамляе TUT.BY.

У памяшканні некалькі столікаў. На сценах — малюнкі, мабыць, выразаныя з в’етнамскіх часопісаў, з азіяцкімі прыгажунямі, на прылаўку — вялікая плеценая скрыня з чайнікам. Увогуле, усё амаль гэтак жа, як і ва в’етнамскіх забягалаўках, якія можна ўбачыць у дарожных нататках блогераў-падарожнікаў. У меню, акрамя традыцыйных в’етнамскіх страў, ёсць і больш звыклыя для нас бургеры і шаурма.

У кавярні працуе сам Антуан (ён тут за гаспадара і шэф-кухара) і касір-прадавец, якая цярпліва тлумачыць наведвальнікам, што такое нэм, і прапануе паспрабаваць традыцыйны суп фо. Каля прылаўка досыць хутка збіраецца чарга. Працы шмат: ўстанова карыстаецца папулярнасцю. Праўда, гаспадар кажа, што пакуль на хуткі прыбытак не разлічвае — кафэ працуе толькі паўтара месяца.

кафе ханой

Галоўнае, што падаюць у гродзенскім в’етнамскім кафэ, — нэм, гэта рулецікі з рысавай паперы з рознымі начынкамі. У паўночнай частцы В’етнама, адкуль родам мужчына, папулярнасцю карыстаюцца смажаныя роллы — нэм ран. Такія і гатуюць у Гродне.

Сам жа мужчына прызнаецца, што часам сумуе па сваёй радзіме. Калі распавядае аб кулінарных традыцыях Паўночнага В’етнама, летуценна ўсміхаецца.

— Кухня там вельмі розная. Усё залежыць ад рэгіёна. Яна не такая вострая, як кітайская, напрыклад, але, вядома, вастрэйшая, чым беларуская. Дадаем шмат прыправаў. У паўночным рэгіёне адны традыцыі, у паўднёвым — іншыя. У Ханоі вельмі папулярны суп фо. Ён з’явіўся ў сталіцы Паўночнага В’етнама ў пачатку мінулага стагоддзя і вельмі хутка стаў папулярнай стравай. У нас яго рыхтуюць на мясным бульёне, дадаюць кавалкі ялавічыны ці курыцы, рысавую локшыну і яшчэ праросткі бабоў мунг. І, вядома, спецыі. Поўная назва такога супу — фо бо. Ёсць яшчэ фо га — гэта страва з курынага булёна і з кавалачкамі курыцы. Я гатую з ялавічынай, як дома.

У меню «Nem Ханой» ёсць яшчэ в’етнамскія пельмені - бан бот лок, але для спрашчэння замовы ў кафетэрыі іх называюць «хінкалі». З традыцыйных в’етнамскіх страў тут прадаюць рысавыя чыпсы. А яшчэ прапануюць газаваныя напоі з экзатычнай садавіны, якія карыстаюцца папулярнасцю ў маладога пакалення в’етнамцаў.