Белстат распавёў пра нечаканыя праблемы падчас перапісу праз інтэрнэт

Намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Жанна Васілеўская падчас форуму IGF-2019 паведаміла, што 2 млн. 24 тысячы чалавек прынялі ўдзел у перапісу насельніцтва праз інтэрнэт, піша Белсат.

Падчас форуму па кіраванні інтэрнэтам IGF-2019, што праходзіць зараз у Менску, намесніца старшыні Белстата Жанна Васілеўская распавяла пра некаторыя акалічнасці перапісу онлайн. Нагадаем, у Беларусі 4-30 кастрычніка праходзіў перапіс насельніцтва. Асаблівасцю кампаніі стала тое, што можна было перапісацца онлайн.

«Больш за 50 % пытанняў, што мы атрымалі за ўвесь час перапісу, былі наступныя: што такое асабісты ідэнтыфікацыйны нумар і дзе яго ўзяць? Гэта можа быць смешным, але гэта сапраўды так. Акрамя таго, людзі (нягледзячы на шматлікія падказкі) не маглі правільна ўвесці свой ідэнтыфікацыйны нумар», – распавяла Васілеўская.

Напрыклад, хтосьці ўводзіў літары кірыліцай, а не лацініцай, хтосьці – замест лічбы «0» уводзіў літару «о».

«Мы проста не прадбачылі, што могуць узнікнуць такія праблемы. Мы можам прадбачыць шмат што, але чалавечы фактар ніхто не адмяняў», – дадала яна.

Васілеўская нагадала таксама, што ў першы дзень электроннага перапісу «лёг» сайт Белстату праз надта вялікую колькасць жадаючых прайсці перапіс. Разлік быў на 60 тысяч заходаў адначасова, але часам нагрузка дасягала ўзроўню ад 70 да 120 тысячаў.

Васілеўская распавяла, што ў лютым 2020 года з’явяцца першыя вынікі перапісу – яны будуць тычацца агульнай колькасці насельніцтва, колькасці мужчынаў і жанчын у Беларусі. З верасня 2020 года пачнецца публікацыя асноўных вынікаў перапісу.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: