Польскіх лекараў абурыў спрошчаны прыём медыкаў з Беларусі

Польскія лекары абураныя законапраектам, які спрашчае правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Еўрасаюзу, у прыватнасці з Беларусі, піша svaboda.org са спасылкай на Rzeczpospolita.

Паводле законапраекту, які ўжо паступіў у польскі парламент, замежным лекарам не трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджання дыплома аб заканчэнні ВНУ – настрыфікацыю. Дазвол на працу будзе выдаваць канкрэтны польскі шпіталь пасля праходжання лекарам іспыту на права прафесійнай дзейнасці ў Польшчы. Без пацверджання дыплома лекары змогуць атрымліваць дазвол на працу максімум на пяць гадоў у канкрэтнай медыцынскай установе.

Падвойныя стандарты

Доктар Яраслаў Біліньскі, які кіраваў групай Міністэрства аховы здароўя па пытаннях гэтага праекту закона, распавёў, што прапановы спрошчанага прыёму на працу лекараў з-за ўсходняй мяжы былі дадзеныя ў законапраект без ведама ягонай каманды.

«Гэта ўвядзенне падвойных стандартаў. Лекары з-за межаў ЕС змогуць працаваць без надзейнай праверкі іх ведаў і правоў, якія з’яўляюцца абавязковымі для лекараў ЕС. У выніку прафесію дактароў атрымаюць асобы, якія могуць выконваць яе без асаблівых высілкаў, – кажа Біліньскі.

Ён дадае, што не мае нічога супраць лекараў з Беларусі або Украіны, але нагадвае, што польскія лекары ніколі не карысталіся ільготамі за мяжой.

«Мой 30-гадовы калега з Беларусі. Ён прайшоў працэс настрыфікацыі дыплому, ужо некалькі гадоў працуе спецыялістам. Для польскага хірурга – гэта немагчыма. А ўсё праз тое, што ў яго краіне вучоба пачынаецца раней, а спецыялізацыя адбываецца на палову карацей. Ён добры лекар, але яго медычныя веды – меншыя».

Доктар Яраслаў Біліньскі хвалюецца, што новы закон правядзе да таго, што ў Польшчы зʼявіцца шмат кепска падрыхтаваных лекараў.

Новыя правілы і так не спрацуюць?

Rzeczpospolita аднак спасылаецца на экспертаў, якія лічаць, што новыя правілы і так не прыцягнуць у краіну шмат ахвотных лекараў з Беларусі. Выданне нагадвае, што польскія заробкі ня вельмі прывабныя для беларускіх лекараў. Таксама спасылаецца на словы Аляксандр Лукашэнка, які анансаваў павелічэнне заробкаў для медыкаў у Беларусі.

Сёння ў Польшчы працуе больш сотні лекараў, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі. Гэта, пераважна, эмігранты з 1990-х.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: