Нічога добрага. Чаму ў кастрычніку квітнеюць каштаны – і чым гэта пагражае

Сёлета кастрычнік радуе беларусаў цёплым і сонечным надвор’ем. У некаторых гарадах паўторна квітнеюць каштаны. Белыя кветкі, якія з’явіліся на дрэвах побач з жоўтым пожухлым лісцем, заўважылі ў Магілёве, Гродне і Бабруйску, а ў Віцебску па другім разе распусціўся бэз, піша tut.by. Праўда, спецыялісты кажуць, што для дрэў восеньскіе кветкі не абяцаюць нічога добрага.

Восеньскае квітненне дрэў, як кажуць спецыялісты, – не такая ўжо і рэдкая з’ява. Так, каштаны квітнелі ў шмат якіх беларускіх гарадах і ў мінулым годзе, і ў пазамінулым.

– Гэта прыкмета смерці дрэва. Красаванне восенню азначае, што ў расліны не скончыўся паўнавартасны цыкл і яна папросту не можа падрыхтавацца да зімы, а значыць – і да наступнага, «правільнага» квітнення, – гаворыць мінскі гарадскі ляснічы Ігар Корзун.

У выніку такое дрэва проста не будзе пладаносіць, што важна для яго жыццёвага цыкла, і памрэ.

Цёплае надвор’е, якое ўсталявалася  пасля некалькіх прахалодных тыдняў у верасні, такімі аслабленыя дрэвамі ўспрымаецца як сігнал, што зноў пачалася вясна. Расліны, папросту кажучы, блытаюць поры года.

Таксама сярод прычын паўторнага цвіцення – неспрыяльныя ўмовы жыцця ў горадзе (часцей квітнеюць тыя дрэвы, якія растуць уздоўж трасаў і ажыўленых дарог), перагрэў глебы праз камунікацыі, мініруючая моль, якая ўжо некалькі гадоў атакуе беларускія каштаны, і нават начное святло ліхтароў.

– Што тычыцца каштанаў, то гэтае дрэва – інтрадуцэнт (расліны, «пераселеныя» ў мясцовасць, дзе яны раней не раслі. – Заўвага TUT.BY). Ён і так расце ў не вельмі звычайных для сябе ўмовах (зацяжныя халодныя зімы то з адлігай, то з наступнымі замаразкамі), а тут яшчэ карані засыпалі салянай сумессю. Усё гэта не вельмі добра адбіваецца на каштанах. На жаль, паўторнае квітненне часцей за ўсё назіраецца, скажам так, у дрэваў- «дахадзяг», – кажа гарадскі ляснічы.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: