Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі 15 кастрычніка ўпершыню пачаў рассылаць беларускамоўныя смс-паведамленні жыхарам краіны з заклікам узяць удзел у перапісе насельніцтва, піша belsat.eu.

Белстат упершыню запрасіў на перапіс насельніцтва па-беларуску. Што кажуць у камітэце
Беларускамоўнае смс ад Белстату

Нагодай для новай рассылкі стала набліжэнне дня завяршэння перапісу онлайн.

«18 кастрычніка 2019 г. апошні дзень інтэрнэт-перапісу», — адзначылі ў ведамстве і нагадалі, што перапісацца пакуль яшчэ можна на сайце census.by.

— Справа ў тым, што аператары не могуць рассылаць на дзвюх мовах кожную смс-ку бясплатна, таму што ёсць пэўная колькасць знакаў для бясплатнай рассылкі. І было прынята рашэнне, што дзве смс-кі будуць на рускай, дзве — на беларускай, так як у нас дзве дзяржаўныя мовы. Гэта было першапачаткова вырашана, — сказалі Hrodna.life у прэс-службе Белстата.

Па стане на 21:20 15 кастрычніка ўдзел у перапісе праз інтэрнэт узялі 1 264 350 чалавек.

З 21 кастрычніка перапісчыкі пачнуць хадзіць па кватэрах і дамах тых беларусаў, хто не перапісаўся онлайн або на стацыянарных пунктах перапісу.