Мілая гісторыя: курсант МНС з Гродна аддаў куртку дзіцяці, што замярзала на прыпынку

Самая мілая гісторыя апошніх дзён адбылася на адным з мінскіх аўтобусных прыпынкаў. Курсант МНС з Гродна заўважыў малую дзяўчынку, якая змерзла — і аддаў ёй свой бушлат.

Гісторыяй падзялілася ў сацсетках мама дзяўчынкі. Адбылося ўсё на прыпынку каля гандлёвага цэнтру «Мома», піша nn.by.

«Мы сядзелі з дачкой на прыпынку позна ўвечары. Дачка стала казаць, што змерзла, я яе абняла і спрабавала сагрэць, а ён да нас падышоў і даў куртку, а сам стаяў без яе. А аўтобуса яшчэ доўга не было!» — напісала ўзрушаная жанчына.

Яна падзялілася і фотаздымкамі задаволенай дачкі ў бушлаце і самога хлопца, які, праўда, адвярнуўся на здымку.

Мілая гісторыя: курсант МНС з Гродна аддаў куртку дзіцяці, што замярзала на прыпынку

«Наша Ніва» высветліла асобу хлопца. Гэта 22-гадовы Віталь Панасевіч, курсант 3-га курса Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Хлопец родам з Гродна, вучыцца на факультэце папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Сям’я звычайная: бацька — мытнік, мама — намесніца дырэктара ў школе.

Мілая гісторыя: курсант МНС з Гродна аддаў куртку дзіцяці, што замярзала на прыпынку

«Гэта было ўвечары ў суботу на прыпынку каля станцыі метро «Магілёўская». Каля 11-й вечара я чакаў аўтобус, каб паехаць у інтэрнат, – расказаў Панасевіч «Нашай Ніве».

На прыпынку сядзела жанчына з дачкой. І я пачуў, як дзяўчынка кажа, што ёй халодна. Тады я прапанаваў ёй сваю куртку. Жанчына ўзяла, падзякавала мне.

Праз хвілін 10 прыехаў аўтобус і мы з імі паехалі. Вось і ўся гісторыя, — кажа Віталь. — Увогуле, я не лічу, што зрабіў штосьці надзвычайнае. Так мусіць паступаць кожны. Дзяўчынка замярзала, яе мама была ў тонкім паліто — вы б што, не зрабілі б так, як я?»

Гісторыя ўжо дакацілася і да бацькоў Віталя, якія жывуць у Гродна.

«Яны пахвалілі, сказалі, што малайчына, сын, рады за цябе», — кажа хлопец.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: