Мінадукацыі: нельга здымаць на відэа настаўнікаў у ганебных абставінах

Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Калдубай расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ пра забарону мабільных тэлефонаў на ўроках у школах.

Паводле чыноўніка, з боку школьнікаў недапушчальныя «здымкі мабільным тэлефонам пэдагогаў або дзецьмі адзін аднаго ў нейкіх кампрамэтуючых абставінах, булінг з дапамогай мабільных тэлефонаў».

Калдубай сьцьвярджае, што Мінадукацыі канчаткова вызначылася з тэлефонамі ў школах яшчэ ў сакавіку — тады быў падпісаны ўказ пра ўнясеньне ва ўнутраныя правілы абмежаваньня выкарыстаньня мабільных тэлефонаў у адукацыйным працэсе.

Там, кажа ён, «гаворка не ішла пра забарону», але некаторыя ўстановы адукацыі праігнаравалі загад, таму цяпер міністэрства прапануе «адзіную мадэль абмежаваньня карыстаньня мабільнымі сродкамі ў адукацыйным працэсе». Аптымальным варыянтам бачаць такі, калі школьнікі здаюць тэлефоны пэдагогу ў адмысловыя ячэйкі (сваімі рукамі кладуць і забіраюць, каб на настаўніка ня клалася адказнасьць за драпіны).

Увага ўладаў да мабільных тэлефонаў у школах павялічылася пасьля здарэньня з «настаўніцай з партай», калі вучні гомельскай школы зьнялі відэа, як настаўніца мацюкаецца і пагражае школьніку, замахваючыся партай, піша svaboda.org.

Але школьнікі і раней запісвалі розныя здарэньні ў беларускіх школах, напрыклад «загон» у БРСМ.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: