Мабільны аператар А1 прыпыніў падтрымку ініцыятывы «Беларускія ўікенды», якая займаецца дубляжом замежных фільмаў на беларускую мову. Сёлета кінапаказы на беларускай мове былі і ў Гродне. Гэта быў другі акрамя Мінска горад, дзе паказы ў кінатэатрах меркавалася рабіць рэгулярна.

Чаму спынілі партнёрства?

Падтрымка праекту «Беларускія ўікэнды» доўжылася амаль тры гады. Як піша svaboda.org, спасылаючыся на словы кіраўніка аддзелу карпаратыўных камунікацый A1 Miкалая Брэдзелева, праект даказаў сваю актуальнасць, атрымаў сваю аўдыторыю ў Менску і ў больш як 40 іншых гарадах Беларусі (тут вядзецца пра анлайн-паказы).

«Цяпер ён [праект] можа існаваць самастойна, а мы пераканаліся, што кіно на беларускай мове запатрабавана даволі шырокім колам гледачоў», — напісаў Брэдзелеў.

Паводле Брэдзелева, стварэнне папулярнага беларускамоўнага кантэнту застаецца адным з прыярытэтаў А1. 19 верасня ў партнёрстве з сеткай кінатэатраў Silver Screen распачаўся новы праект відэасэрвісу VOKA «Тутэйшын Студыя». Праект будзе займацца дубляжом на беларускую мову прэм’ер усясветнага кіно. Мяркуецца, што беларускія версіі будуць паказвацца ў кінатэатрах Silver Screen адначасова з пракатам у іншых краінах. Першым агучаным фільмам праекту стаў «Нулявуд» амерыканскага рэжысёра Джэймса Франка.

У Гродне кінатэатраў Silver Screen няма.

Ці будуць паказы ў Гродне?

— Паказы ў Гародні па магчымасці мы будзем працягваць, — паабяцаў Андрэй Кім, кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды». — Мы ўдзячныя кампаніі А1, якая раней была Velcome за два з паловай гады партнёрства і мы рады, што яны пачалі свой, аналагічны праект — яны не перасталі падтрымліваць беларускамоўнае кіно. Цяпер мы без партнёра, мы яго шукаем.

Андрэй Кім, кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды»
Праект не спыняецца, проста яму цяпер стала больш складана: фільмы будуць выходзіць радзей.

— Калі ў нас будзе такая магчымасць па правах, будзем старацца прапаноўваць паказы і ў Гродне. Гэта залежыць ад таго, ці мы знойдзем новага партнёра, ці ў нас будзе паспяховы краўдфандынг. Прынамсі, у лістападзе мы планавалі паказаць у Гродне фільм.

— Калі гродзенскі кінапракат з намі працягне супрацу, то праект «Беларускія ўікэнды» нікуды з горада не знікне, — кажа Андрэй Кім.

Хто цяпер фінансуе «Беларускія ўікэнды»?

Цяпер асноўная крыніца фінансаваньня «Беларускіх уікэндаў» — краўдфандынг. Праз платформу Talaka.by штомесяц праект атрымлівае 865 рублёў з 6000 неабходных.

Сярод асноўных выдаткаў пры дубляжы фільму 2400 рублёў — аплата ліцэнзіі на 4 паказы; 2000 рублёў — агучванне аднаго фільму.