«Нас кінулі!» З мантажнікамі з БелАЭС, якія мітынгавалі ў Астраўцы, да гэтага часу не разлічыліся

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Мантажнікам з Расіі, якія працавалі на будоўлі БелАЭС і якія месяц таму мітынгавалі на галоўнай плошчы ў Астраўцы з-за нявыплачаных заробкаў, грошай за ліпень так і не далі. Ім спярша абяцалі выдаць грошы ў сярэдзіне жніўня, потым – да пачатку верасня. Па дамове мантажнікі павінны былі атрымаць ліпеньскую зарплату да 15 верасня, але работнікі атрымалі ўсяго па 20% сум. Многія рабочыя ўжо з’ехалі на вахту на іншыя аб’екты, каб хоць нешта зарабіць і пакрыць страты, якія яны панеслі ў Беларусі, піша TUT.BY.

Нагадаем, 15 жніўня прыблізна 50 рабочых з Расіі, якія займаліся мантажнымі работамі на БелАЭС, выйшлі на галоўную плошчу ў Астраўцы. Западозрыўшы, што іх могуць «кінуць», людзі патрабавалі выплаціць ім заробак за два месяцы, паколькі на той момант квіткі дадому ўжо былі набытыя, а заробленых грошай не было.

Сяргей Гусеў, галоўны інжынер АТ «Сезам» – кампаніі, якая запрасіла на працу ў Беларусь фірму «Стройинвестпроект», паабяцаў яе работнікам, што яны да вечара 19 жніўня (у крайнім выпадку – на наступны дзень) атрымаюць грошы за чэрвень. Работнікам таксама абяцалі аванс за ліпень.

За чэрвень рабочых разлічылі. Але авансу за ліпень не было. Сяргей Гусеў тлумачыў, што «Сезам» па дамове павінен перавесці грошы за ліпень «Стройинвестпроекту» 15 верасня. «Не ўсё і ад нашага жадання залежыць. Знайшлі грошы, каб ўсяму персаналу выплаціць камандзіровачныя і квіткі купіць, частцы персаналу ўжо аплацілі ліпень. Думаю, наступным тыднем усё закрыем», – тлумачыў Сяргей Гусеў.

Але сёння ўжо 16 верасня, а работнікі атрымалі ў сярэднім па 20% ад ліпеньскіх заробкаў.

– Я і яшчэ некалькі работнікаў, якія працавалі на БелАЭС, цяпер у Навакузнецку, паехалі працаваць на новы аб’ект, таму што патрэбныя грошы. Таму што за працу ў Беларусі нам так і не заплацілі цалкам зарплату за ліпень ні ў тэрміны, у якія абяцаў галоўны інжынер «Сезам», ні ў тэрміны, якія прапісаны ў дамове, – канстатуюць мантажнікі. – Нам авансам перавялі па 20%. З 76 тысяч расійскіх, якія мне былі павінны, я атрымаў толькі 14 з капейкамі. Таварыш, які зараз са мной працуе ў Навакузнецку, нават 20% не атрымаў. З 72 тысяч яму далі толькі 5 з хвастом. «Сезам» накшталт як перавёў частку грошай. У пятніцу на мінулым тыдні яшчэ нейкую суму, атрымалася 12 мільёнаў расійскіх рублёў. Але кіраўніцтва «Стройинвестпроекта» сказала, што заробка нам не відаць, пакуль «Сезам» не выплаціць усю суму. А тыя грошы, якія перавялі, пайшлі на зарплаты менеджэрам і іншым, а не простым рабацягам. Нас проста кінулі.

Цалкам разлік за ліпень атрымаў адзін з працаўнікоў Аляксандр, які і звярнуўся ў СМІ, калі зразумеў, што заробак могуць не даць.

– Так, я адзіны, хто атрымаў поўны разлік за ліпень. Але за жнівень пакуль няма, – распавядае суразмоўца. – Мы па 8-10 дзён і ў жніўні працавалі.

Калі прытрымлівацца сістэмы разліку за папярэднія месяцы, то «Сезам» павінен перавесці аплату за жнівень да 15 кастрычніка.

Аператыўна звязацца з кіраўніцтвам кампаніі «Стройинвестпроект» нам не ўдалося, каб высветліць, ці атрымаюць работнікі разлік.


Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: