Вынесены прысуд за падвойнае забойства ў стаўпецкай школе

13 гадоў калёніі і 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы прысудзіў Менскі абласны суд 11-клясьніку Вадзіму М. за двайное забойства ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 11 лютага 2019 году. Прысуд агучылі ў судзе Стаўпецкага раёну 11 верасьня, піша svaboda.org.

Разгляд справы пачаўся 19 жніўня, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Вадзіма М. зьняволеньнем на 13 гадоў. Вядома таксама, што абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова. У выніку суд прысудзіў Вадзіму М. пакараньне ў выглядзе 13 гадоў калёніі.

Суд таксама пастанавіў спагнаць 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы.

Вадзіма М. абвінавачвалі ў злачынствах, прадугледжаных:

  • ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі);
  • пп.1, 6, 13 ч. 2 арт 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў);
  • ч.1 арт.14 (спроба злачынства);
  • пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў і забойства асобы ў сувязі з выкананьнем ёю службовых абавязкаў).

Усе ўдзельнікі працэсу ў першы дзень пасьля яго пачатку далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Яны ня маюць права расказваць пра тое, што адбывалася ў судовай залі падчас працэсу.

Разгляд справы прайшоў у закрытым рэжыме (паводле ч. 2 арт. 23 УПК), бо на момант злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць, М. не дасягнуў 16-гадовага ўзросту. У матэрыялах справы былі зьвесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць мэдычную таямніцу (арт. 46 закону «Аб ахове здароўя»).

Першапачаткова на паседжаньне зьбіраліся дапусьціць толькі бацькоў абвінавачанага, а таксама па адным пацярпелым — мужа загінулай настаўніцы і бацьку 11-клясьніка Аляксандра Р. Аднак на першым паседжаньні судзьдзя пагадзіўся прызнаць пацярпелымі таксама сястру настаўніцы Марыны Пархімовіч і яе сына.

Пачынаючы з 19 жніўня суд праходзіў амаль безь перапынкаў. Разгляд справы быў прыпынены на некалькі дзён толькі перад спрэчкамі бакоў, якія прайшлі ў панядзелак 9 верасьня.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: