У Беларусі на пачатак верасня было адкрыта 72 887 дэпазітных рахункаў на сямейны капітал. Іх агульная сума склала амаль 728,9 мільёна долараў, паведамілі ў Мінпрацы. Праграма сямейнага капіталу, якую запусцілі з 2015 года, заканчваецца сёлета, але ўлады могуць падоўжыць яе да 2024-га.

У Гродзенскай вобласці за гэты час адкрылі 8258 дэпазітных рахункаў, піша tut.by.

Улады мелі намер падоўжыць праграму сямейнага капіталу да канца 2024 года, а таксама заняцца дапамогамі на дзяцей і пенсіямі шматдзетным. Аднак такое рашэнне не прынята. Пры гэтым плануецца, што сем’і змогуць датэрмінова выкарыстоўваць грошы для паляпшэння жыллёвых умоў, атрымання адукацыі, паслуг у сферы аховы здароўя.

У Беларусі завяршаецца праграма сямейнага капіталу. Колькі сем'яў адкрылі дэпазіты
Фота pixabay.com

Праграма сямейнага капіталу прадугледжвае, што пры з’яўленні трэцяга і наступных дзяцей сям’і пераводзяць 10 тысяч долараў на спецыяльны рахунак. Сродкі можна выдаткаваць, калі дзіцяці, на якога аформлены капітал, споўніцца 18 гадоў – на паляпшэнне жыллёвых умоў, аплату адукацыі або лячэння. Грошы не выдаюцца на рукі, а захоўваюцца на спецыяльным дэпазіце ў Беларусбанку. Працэнты, якія налічваюць на ўклад, вызначае Мінфін, і яны прывязаныя да стаўкі LIBOR.