Перыядычна ў Гродне спецыялісты праводзяць поўнае тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання ў кватэрах. Жыхары скардзяцца — праверка адбываецца ў іх працоўны час, а калі дамаўляцца індывідуальна на вечар, то тарыф будзе павышаны, піша tut.by. У «Гродногазе» тлумачаць: падладзіцца пад ўсіх проста фізічна немагчыма.

— Учора ўбачыла аб’яву на дзверы пад’езда. У ёй гаварылася пра тое, што 10 верасня будзе праводзіцца планавая праверка газавага абсталявання і для ўсіх жыхароў яна платная. Усё бы нічога, але час яе правядзення — з 12.00 да 16.00. І тыя, хто не змогуць знаходзіцца дома ў гэты прамежак, павінны індывідуальна дамаўляцца пра час і плаціць па падвышаным тарыфе! Звярнулася ў арганізацыю і патлумачыла сітуацыю: пражываю ў кватэры адна, з коткай, якая дзверы не адчыніць, а працоўны дзень — з 8.30 да 17.00. Адлучыцца з працы не магу, тым больш на 4 гадзіны. У адказ пачула, што планы ёсць планы, што ёсць прэйскурант, ад яго адхіляцца не стануць, і працуюць у гэты час людзі ці не — нікога не хвалюе, — кажа гродзенка Лізавета.

У «Гродногазе» тлумачаць — гэта не праверка, а поўнае тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання, якое для кватэр з газавымі плітамі праводзіцца раз на пяць гадоў.

— Так, у аб’яве пазначана, што праца па плане будзе праводзіцца ў пэўны час, а калі не атрымліваецца, то можна дамовіцца на любы іншы. Мы не можам падладжвацца пад усіх. Калі ў гадзіны планавага тэхагляду мы абследуем усе стаякі, то ў асобным выпадку нам прыйдзецца працаваць толькі ў адной кватэры. Менавіта таму паўторны выклік каштуе даражэй. Калі кошт планавых работ — каля 5 рублёў, то індывідуальны выклік — каля 7. Зразумелая справа, што для ўсіх зручны час не знойдзеш, але мы працуем і да 20.00, і ў выхадныя і святочныя дні, калі ў грамадзян ёсць такая патрэба, — распавялі у вытворчым упраўленні «Гродногаз».