Графіці да Дня пісьменства ў Слоніме перарабілі: да расейскамоўнага надпісу дадалі беларускамоўны.
8 жніўня, згодна з рашэннем Слонімскага райвыканкаму, каманда мастакоў унесла ў графіці карэктывы: надпіс па-расейску пакінулі, але дадалі таксама і па-беларуску.
«Мы пакінулі на дзвюх дзяржаўных мовах. Чытайце наш «Слонімскі веснік»,— сказала намесніца старшыні райвыканкаму Тарэса Юшкевіч, піша svaboda.org.
Фатафакт з гэтых работ, якія вяліся ўначы, змясціла ў Instagram «Газета Слонімская».
Раней у Слонімскім райвыканкаме казалі, што «дзеля захавання нацыянальна-моўнай згоды ў грамадстве» пакінуць расейскамоўнае графіці, але створаць адмысловае графіці да Дня беларускага пісьменства. На ім будзе выява Францішка Скарыны і надпіс на беларускай мове. Пра гэта казала карэспандэнту svaboda.org начальніца аддзелу ідэалагічнай працы і ў справах моладзі райвыканкаму Наталля Юньчыц. Які будзе надпіс, яна не паведаміла.
У чым канфлікт
Да Дня беларускага пісьменства ў цэнтры Слоніма намалявалі графіці – выяву тэатру Міхала Казіміра Агінскага. Надпіс на графіці зрабілі па-расейску.
Аляксей Дужы ў траўні звярнуўся ў Слонімскі райвыканкам, каб надпіс перарабілі на беларускі. Яму паабяцалі, што выправяць надпіс на беларускамоўны да 1 чэрвеня.
Аднак гэтага не было зроблена. Намесніца старшыні Слонімскага райвыканкаму Тэрэса Юшкевіч адказала Аляксею Дужаму, што надпіс вырашылі захаваць па-расейску «дзеля захавання нацыянальнай-моўнай згоды ў грамадстве».
Гэта абурыла людзей яшчэ больш. У інтэрнэце з’явілася петыцыя з патрабаваннем выправіць надпіс. «Слонім моцна зрусіфікаваны горад, бальшыня шыльдаў у ім падпісаныя па-руску, знак на ўездзе ў горад рускамоўны, рускамоўныя нават надпісы на табло аўтобусаў. Па ўсім відаць, гэтае сістэматычнае стаўленне ўладаў гораду па русіфікацыі асяроддзя не спыняе нават Год малой радзімы і Дзень беларускага пісьменства», – пішуць аўтары петыцыі.