Калегія па крымінальных справах суда Гродзенскай вобласці разгледзела апеляцыйныя скаргі фігурантаў справы аб ДТЗ, якое адбылося ў жніўні мінулага года ў гадавальніку прадпрыемства «Доцішкі», што ў Воранаўскім раёне — там вырошчваюць садовыя дрэвы. Аграном прадпрыемства, не заўважыўшы ў траве садоўніка, кіруючы службовым аўтамабілем, наехала на жанчыну, піша TUT.BY.

У гэты раз суд, выслухаўшы ўсе бакі, пакінуў прысуд ніжэйстаячай інстанцыі ў сіле: 3 гады «хатняй хіміі» і забарона на кіраванне на працягу пяці гадоў, аднак прымяніў у дачыненні да абвінавачванай амністыю: жанчына вызвалена ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Таксама суд палічыў, што заяўлены пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды — 45 тысяч беларускіх рублёў - празмерны, і пастанавіў паменшыць суму да 15 тысяч.

Нагадаем, у выніку аварыі пацярпелая садоўнік Ганна атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і тры месяцы прабыла ў бальніцы. Суд Воранаўскага раёна прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях вадзіцеля мае месца парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам. Жанчыну асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» — і пазбавілі правоў на пяць гадоў. Прадпрыемства выступала ў якасці грамадзянскага адказчыка. Па рашэнні суда яно павінна было выплаціць пацярпелай 45 тысяч беларускіх рублёў. Гэтую суму потым прадпрыемства планавала спагнаць з агранома Святланы.

Але ні Святлана, ні Ганна з рашэннем раённага суда не пагадзіліся — і падалі апеляцыі. Адзін бок прасіў суд цалкам адмяніць прысуд, другі настойваў на больш строгім пакаранні для абвінавачанай і большай кампенсацыі для пацярпелай. Пацярпелая прасіла суд змяніць меру пакарання аграному на больш жорсткую, адвакат Святланы прасіў спыніць вытворчасць па справе і апраўдаць падабаронную.