Горад

Гісторыі, якія маюць значэнне: «Сусветнае прэс-фота — 2019» (World Press Photo) пакажуць у Гродне

Сёлета «Сусветнае прэс-фота — 2019» — сусветна вядомы праект — ужо другі раз пакажуць у Гродне. Адкрыццё выставы адбудзецца 8 жніўня 2019 года, а 19:00 у «Цэнтры гарадскога жыцця». У праграме — экскурсія ад куратаркі «Сусветнага прэс-фота — 2019» Санэ Схім ван дэр Люф (Нідэрланды). Выстава будзе экспанавацца да 29 жніўня.

Марка Гўаляццыні, Італія, Contrasto. Хлопчык-сірата ідзе ўздоўж мура, на якім намаляваныя супрацьтанкавыя гранатамёты, у горадзе Боль (Чад).
Выстава паказвае вынікі штогадовага конкурсу «Сусветнае прэс-фота», які сёлета ладзіцца 62-гі раз. Конкурс адзначае прафесійных фатографаў за найлепшыя кадры — асобныя здымкі або серыі, — зробленыя імі на патрэбу візуальнай журналістыкі ў папярэднім годзе.

Сёлета 4738 фатографаў са 129 краінаў падалі на конкурс 78 801 фатаграфію. Візуальныя гісторыі ацэньваюцца паводле наступнага крытэру — дакладнае, сумленнае і пераканаўчае адлюстраванне нашага свету. Працы мусяць адпавядаць нормам этыкі, а фота пераможцаў праходзяць строгую праверку на праўдзівасць. Гэта гарантуе дакументальную дакладнасць сцэнаў, сведкам якіх зрабіўся фатограф.

Брэнт Стэртан, ПАР, Getty Images для National Geographic. Крэчатаў навязваюць да жэрдак у гадавальніку каля Абу-Дабі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты).
У журы конкурсу ўваходзяць прызнаныя прафесіяналы фотажурналістыкі. Склад журы мяняецца кожны год.

Усё пачала ў 1955 годзе група галандскіх фатографаў, арганізаваўшы міжнародны конкурс («Сусветнае прэс-фота»), каб паказаць свае працы аўдыторыі па ўсёй планеце. З таго часу конкурс развіўся ў самае прэстыжнае на свеце спаборніцтва фатографаў, а місія пашырылася. Штогод выстава экспануецца больш чым у 100 гарадах 45 краінаў. Выстава прэзентуе гісторыі, што змушаюць людзей спыніцца, адчуць, задумацца і пачаць дзейнічаць. Такім чынам конкурс ушаноўвае найлепшае ў журналістыцы і лічбавым сторытэлінгу.

Алівія Гэрыс, Вялікая Брытанія. 25 траўня Ірландыя на рэферэндуме значнаю большасцю галасоў скасавала закон пра спароны, які быў адным з найбольш строгіх у свеце. Жанчыны скручваюць тканіну перад банерам, створаным мастачкай Эліс Магэр на Міжнародным арт-фестывалі «Eva» ў Лімэрыку
Ёсць адчувальная патрэба ў выявах і гісторыях, вартых даверу, і высакаякасныя рэпартажы на гэтай выставе даюць важныя веды пра наш свет. Часам гэта прыгожыя выявы, а часам неабходна паказаць цяжкія гісторыі, але ўсе яны дакладныя і маюць значэнне.

У 2019 годзе выставу «Сусветнае прэс-фота» ўжо шосты раз прымае Беларусь (апошнія чатыры гады афіцыйным партнёрам праекту выступае культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ). Экспазіцыя арганізаваная ў партнёрстве з «Цэнтрам гарадскога жыцця» (Гродна) пры фінансавай падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.

Джон Мур, ЗША, Getty Images. Гандураская дзяўчынка Янэля Санчэс плача, калі яе і ейную маці Сандру Санчэс 12 чэрвеня арыштоўваюць памежнікі ЗША ў МакАлене (штат Тэхас).
Экспазіцыя будзе даступная з 8 да 29 жніўня 2019 года па адрасе: «Цэнтр гарадскога жыцця», вул. Кірава, 3, 12:00—20:00 штодня, уваход вольны.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне стварылі суполку для мам «Vmeste Mama»

Гродзенцы прыйшла ідэя стварыць супольнасць для мам "Vmeste Mama". Гэта прастора, дзе жанчыны будуць сустракацца…

12 верасня 2025

«Дарослыя мужчыны сярод ночы клікалі маму». Былы палітвязень Мікалай Дзядок — пра гродзенскую турму

Блогер, журналіст і анархіст Мікалай Дзядок на прэс-канферэнцыі ў Вільні, прысвечанай вызваленню палітвязняў, расказаў пра…

12 верасня 2025

«Галоўным чынам архітэктурная тусоўка». У Гродне абмеркавалі праект набярэжнай, але сустрэча мала зацікавіла гараджан

У Гродне прайшлі грамадскія абмеркаванні праекта рэканструкцыі набярэжнай. Праект абмяркоўвалі на сустрэчы з праекціроўшчыкамі 11…

12 верасня 2025

Экс-палітвязні Павел Мажэйка і Галіна Дзербыш прыехалі ў Вільню

Вызваленыя 11 верасня палітвязні з Гродна Павел Мажэйка і Галіна Дзербыш прыбылі ў Вільню. Павел…

11 верасня 2025

Што вядома пра менш публічных гродзенцаў, якіх выпусцілі ў ліку 52 палітвязняў

Пасля памілавання Лукашэнкі 52 палітвязні выйшлі на волю. Сярод іх чатыры жыхары Гродна і вобласці.…

11 верасня 2025