«Контэ Спа» выкупіць фабрыку «Купалінка»? Насамрэч не

28 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што гродзенская кампанія “Контэ Спа” братоў Байко можа выкупіць салігорскую дзяржфабрыку «Купалінка». Пра гэта распавяла ў парламенце старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна.

«Наколькі я ў курсе сітуацыі з набыццём “Контэ Спа”дзярждолі ў “Купалінцы”, то праект на апошняй стадыі. Указ, наколькі я ведаю, яшчэ не падпісаны, але ўжо знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта », – сказала Лугіна. Умовы ўгоды кіраўнік «Беллегпрама» не раскрыла, піша tut.by.

Пазней tut.by высвятліў, што браты Байко ўжо адмовіліся ад куплі ў пачатку года.

Нядаўна Дзяржкаммаёмасць абвесціла аб правядзенні працаў па продажы 84% акцый ААТ «Купалінка», якія належаць Рэспубліцы Беларусь. Патэнцыйнаму пакупніку неабходна выканаць пэўныя абавязацельствы.

Інвестар абавязаны на працягу трох гадоў унесці ў статутны фонд «Купалінкі» не менш за 10 млн рублёў на папаўненне абаротных сродкаў і мадэрнізацыю вытворчасці. Пры гэтым трэба забяспечыць экспарт прадукцыі за 2021 год у аб’ёме не менш за 3 млн даляраў.

Акрамя таго, варта стварыць не менш за 40 новых працоўных месцаў, забяспечыць сярэднюю зарплату не ніжэй яе ўзроўню ў работнікаў легпрама, захаваць гандлёвую марку «Купалінка» і віды вытворчай дзейнасці. Рост аб’ёмаў вытворчасці ў грашовым выражэнні за тры гады павінен быць не менш за 20%.

«Купалінка» месціцца ў Салігорску і займаецца вытворчасцю бялізнавага і верхняга трыкатажу для дарослых і дзяцей. 6 чэрвеня фабрыка адзначыла 50-гадовы юбілей.

Выручка «Купалінкі» за 2018 год вырасла з 15,7 млн ​​да 17,6 млн руб. Пры гэтым кампанія зафіксавала чыстую страту ў памеры 402 тысяч рублёў. Доўгатэрміновыя абавязацельствы – 2,3 млн рублёў. Сярэдняспісачная колькасць працуючых чалавек – 732.

“Контэ Спа” з’яўляецца вядучым у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе вытворцам панчошна-шкарпэткавых вырабаў. Але ўжо некалькі гадоў гарадзенская кампанія развівае і іншыя кірункі легпрама.

– «Контэ» – гэта ўжо не толькі калготкі. Гэта і ніжняя бялізна, верхні і бялізнавы трыкатаж, шкарпэткі, легінсы, джынсы. Мы ўжо пару гадоў у гэтых сегментах напрацоўвалі кампетэнцыю, узмацнялі каманду, закуплялі абсталяванне, удасканальвалі тэхналогіі. І зараз гэта тыя сегменты, якія істотна дадаюць, – казаў у 2018 годзе ў інтэрв’ю tut.by саўладальнік “Контэ Спа” Валянцін Байко.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: