Прапанова Мінфіна аб адвязцы ад тэхагляду дзяржпошліны на допуск да дарожнага руху не прайшла ўзгадненне. Пра гэта журналістам паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, піша tut.by. Раней прапанаваны варыянт уключэння падатку ў кошт паліва ўжо крытыкаваў Мінфін.

«Прапанову ўносілі кіраўніку дзяржавы, але яе не падтрымалі», — сказаў Дзмітрый Кійко.

Цяпер разглядаецца магчымасць уключэння пошліны ў кошт паліва, чаму раней пярэчыла Міністэрства фінансаў. З высокай доляй верагоднасці, да канца года цяперашні парадак збірання дарожнага збору не зменіцца.

У пачатку кастрычніка 2018 года прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паведаміў, што ўжо ў сярэдзіне 2019 года выплату дарожнага падатку адвяжуць ад тэхагляду. Паводле яго слоў, доступ да дарожнага руху кіроўцы будуць аплачваць у АРІП — на тэрмін ад 1 месяца, каб аднавіць справядлівасць у дачыненні да тых, хто выкарыстоўвае аўтамабіль не круглы год. Прэм’ер-міністр Беларусі паведаміў тады, што новая схема, па папярэдніх дадзеных, запрацуе з 1 ліпеня 2019 года.