Беларусь і Еўрасаюз скончылі перамовы па пагадненнях па рэадмісіі і спрашчэння візавага рэжыму. Бакам засталося толькі дамовіцца аб працэдуры падпісання дакументаў. Пра гэта піша tut.by, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы ў афіцыйным Бруселі.

«Што да перамоў аб пагадненнях па рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму, то мы фактычна скончылі змястоўную частку гэтых перамоваў. Засталіся толькі фармальнасці, якія тычацца саміх працэдур падпісання. Перамовы фактычна завяршыліся, думаем, працэдурныя пытанні будуць вырашаны ў бліжэйшы час», — адзначыла інфармаваная крыніца, знаёмая з ходам перамоваў.

З нагоды яшчэ аднаго важнага дакумента — Прыярытэта партнёрства — у афіцыйным Брусэлі спадзяюцца пераканаць Літву, пазіцыя якой па БелАЭС перашкаджае падпісаць дакумент, што Беларусь выконвае ўсе рэкамендаваныя Еўрасаюзам працэдуры. Гаварыць з Літвой, упэўненыя ў ЕС, стане прасцей, калі Беларусь прыме Нацыянальны план дзеянняў па ядзернай бяспецы.


Літва адмаўляецца супрацоўнічаць з Беларуссю праз БелАЭС

«Мы спадзяемся, што па прыярытэтам партнёрства мы дасягнем канчатковых пагадненняў у наступным месяцы», — распавяла крыніца з ЕС.

«Да Літвы мы пастараемся данесці той факт, што Беларусь пагадзілася на стрэс-тэсты, прадставіць Нацыянальны план дзеянняў, і пастараемся данесці да ўсіх краін — членаў ЕС, што Беларусь будзе ўкараняць тыя рэкамендацыі, якія ёй даў ЕС», — кажуць у ЕС.

На мерапрыемствах з нагоды 10-годдзя Усходняга партнёрства ў Брусэлі Уладзімір Макей выказаў надзею, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісана да канца года. Пасля ўступлення гэтага пагаднення ў сілу шэнгенскія візы павінны патаннець да 35 еўра (пры афармленні ў пасольстве), вырасце колькасць бясплатных і доўгатэрміновых візаў.