Польшча пачала рыхтавацца да пабудовы АЭС

АЭС, якая будуецца ў Беларусі

Станцыю мяркуюць пабудаваць на Памор’і — гэта рэгіён на поўначы краіны, каля Гданьска. Цяпер дамаўляюцца зь мясцовымі жыхарамі, піша svaboda.org.

Міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі паведаміў Польскаму Радыё аб пачатку падрыхтоўкі будаўніцтва атамнай электрастанцыі – цяпер ідуць кансультацыі зь мясцовай грамадзкасьцю і, як кажа міністар, «у пэўным сэньсе ёсьць супольная згода».

Дабудаваць АЭС плянуюць да 2033 году, пад будаўніцтва ўжо створанае акцыянэрнае таварыства PGE EJ1 — яно раней вяло дасьледаваньні асяродзьдзя. Падрыхтоўчыя працы могуць трываць некалькі гадоў. Паводле Тхужэўскага, магутнасьць АЭС складзе каля 1000 МВт (агульная плянаваная магутнасьць БелАЭС, для параўнаньня, мае скласьці 2300 МВт).

Міністар расказаў, што магчымыя пляцоўкі ўжо выбраныя ў раёне Памор’я, але якія менавіта, не ўдакладніў. Два гады таму разглядаліся дзьве мясцовасьці ў Паморскім ваяводзтве – Любятова-Капаліна і Жарновец.

Абедзьве тыя пляцоўкі – у раёне Жарнавецкага возера, у 30–40 км ад Гдыні, каля 150–160 км ад расейскага Калінінграду, 390–400 км ад Горадні або 615–625 км ад Менску.

Будаўніцтва першай польскай атамнай электрастанцыі ў Жарноўцы магутнасьцю ў 1860 МВт было пачатае ў 1983 годзе, але спынілася ў 1989 годзе пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС і хвалі пратэстаў. Афіцыйна будаўніцтва спынілі таксама праз сумневы ў рэнтабэльнасьці параўнальна з традыцыйнымі электрастанцыямі, а таксама пытаньні з энэргетычным балянсам.

Але з таго часу польскія палітыкі пэрыядычна прапаноўвалі або дабудаваць АЭС у Жарноўцы, або збудаваць станцыю на новым месцы. Тэма стала гучаць усё часьцей, калі Польшча вырашыла не купляць энэргію зь БелАЭС. Спэцыялісты зь якіх кампаніяў і якіх краінаў будуць запрошаныя для будаўніцтва польскай АЭС, пакуль не паведамляецца.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: