Ва Украіне 4-класніца знайшла надмагільную пліту беларускага пісьменніка Яна Баршчэўскага

Ва ўкраінскім горадзе Чуднаў (Жытомірская вобласць) знайшлі надмагілле, як мяркуецца, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, піша svaboda.org са спасылкай на ўкраінскі рэгіянальны партал chudnivnews.in.ua.

Жыхары Чуднава 17 гадоў таму на прыватным падворку адкапалі пліту. Калі зь яе сышла ржа, стала відаць імя Яна Баршчэўскага.

На пачатку 2000-х уласьнік падворку ў Чуднаве пачаў праводзіць газаправод і выкапаў нейкую чыгунную пліту. Ад іржы не было відаць, што на ёй напісана. Яна важыць 30-35 кіляграмаў.

Вучаніца 4 клясы, якая ідэнтыфікавала надмагільле
Вучаніца 4 клясы, якая ідэнтыфікавала надмагільле

17 гадоў пліта проста стаяла на падворку, пакуль уласьнік ня вырашыў зацэментаваць двор, а для эканоміі цэмэнту пакласьці пліту. Пад уплывам надвор’я іржа сышла з пліты, але гаспадары падумалі, што гэта нямецкая мова, і ня сталі перакладаць.

15 красавіка плітой зацікавілася дачка гаспадароў падворку, якая стала шукаць адпаведнік імя з пліты ў інтэрнэце і знайшла, што пліта можа належыць пісьменьніку Яну Баршчэўскаму.

На надмагільлі надпіс па-польску:

«Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей.
Пісьменьнік натхненьняў і пачуцьця.
Жыў годна 70 гадоў».

Знойдзенае надмагільле
Знойдзенае надмагільле

Дасьледчыца беларускай літаратуры з Беластоку Галіна Тварановіч сказала Свабодзе, што цалкам магчыма, што гэтая пліта з магілы Яна Баршчэўскага, бо той сапраўды апошнія гады жыў і памёр у Чуднаве.

За савецкім часам каталіцкія могілкі былі разрабаваныя

Мясцовыя ўлады Чуднава зацікавіліся знаходкай і плянуюць яе захаваць.

«Ці ёсьць гэта гістарычным помнікам — трэба высьвятляць. Найбліжэйшым часам мы гэта зробім», — паведаміла Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.

Паводле яе, на каталіцкіх могілках у мястэчку шмат пахаваньняў вядомых людзей:

«Але за савецкім часам могілкі была разрабаваныя, і часам магільныя пліты выкарыстоўвалі, каб масьціць дарожкі. Напэўна, менавіта такім чынам, магільная пліта Яна Баршчэўскага апынулася на падвор’і мясцовага жыхара».

Стала вядома, калі нарадзіўся Баршчэўскі?

Надмагільная пліта Баршчэўскага — навуковая сэнсацыя, якая пралівае сьвятло на год нараджэньня пісьменьніка.

У гістарычных і літаратуразнаўчых крыніцах дагэтуль не быдо пэўнай даты нараджэньня пісьменьніка.

Паводле Бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», дата нараджэньня Яна Башчэўскага няпэўная: 1794, 1790 або 1796 год. Калі верыць надмагільнай пліце, якая сьведчыць, што Баршчэўскі жыў 70 гадоў і памёр у 1851 годзе, то вынікае, што ён нарадзіўся ў 1780 ці 1781-м.​

Старонка зь бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі»
Старонка зь бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі»

Гісторык беларускай літаратуры і культуры Адам Мальдзіс з гэтай нагоды сказаў Свабодзе, што звычайна, калі ставілі помнікі, не памыляліся:

«Таму я б пад сумнеў ня ставіў гэтыя лічбы. Але, каб сказаць пэўна, каб паставіць тут кропку, трэба было б знайсьці архіўныя дакумэнты на гэты конт. Але ўжо наўрад ці гэта магчыма».

Дасьледчыца беларускай літаратуры Анхела Эспіноса, якая падрыхтавала дысэртацыю наконт Яна Баршчэўскага, кажа, што 1781 год — малаверагодная дата нараджэньня.

Вядома, што ён паступіў у Езуіцкую акадэмію ў 21 год. А калі браць да ўліку гэтую дату, то яму б мусіла быць 31.

Таксама Анхела кажа, што ў ягонай кнізе «Шляхціц Завальня» наратар зьяўляецца альтэр эга пісьменьніка, вучыцца ў акадэміі, прыяжджае да сваяка на вакацыі і яго пастаянна апісваюць як маладога хлопца.

Тое, што ён паступіў у акадэмію ў 21 год, пацьвярджаюць і дасьледаваньні (сьпіс першакурсьнікаў Полацкай акадэміі паводле дасьледчыка, прафэсара Міколы Хаўстовіча).

Матэр'ялы і даследванні т. 1, Хаўстовіч М.В.
Матэр’ялы і даследванні т. 1, Хаўстовіч М.В.

Янушкевіч: Гэта сэнсацыя ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства

Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, адзін з дасьледчыкаў творчасьці Яна Баршчэўскага, усьцешаны знаходкай. І ўдзячны лёсу, што пліту не пабілі на фрагмэнты пад гаспадарчыя патрэбы.

«Што да знаходкі надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага, дык найперш падзяка таму дбайнаму гаспадару, які не пабіў яе на кавалкі, а паклаў у зямлю цалкам. Яна праўдзіва ўяўляе, не пабаюся гэтага слова, сэнсацыю ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства. Бо гэтых лічбаў, выбітых на адшуканай пліце, вельмі доўга чакалі дасьледчыкі Генадзь Каханоўскі, Генадзь Кісялёў, Алег Лойка і ўсе тыя, хто займаўся творчасьцю Яна Баршчэўскага, гісторыяй беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя.

Наогул калі паглядзець на падзеі апошніх 2-3 гадоў, вельмі сымбалічным бачыцца тое, што зямля адчыняе таямніцы для годных сыноў Беларусі. Каб яе нашчадкі працягвалі шанаваць і даведваліся пра іх больш, чым ведалі нават сучасьнікі».

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — беларускі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску. Жыў і працаваў ў Пецярбургу, да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, дзе памёр ад сухотаў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: