У Швецыі затрымалі мужчыну, які схаваўся ад крымінальнага пераследу. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, піша TUT.BY.

Устаноўлена, што 10 снежня 2017 года каля 04.30 на вуліцы Ажэшкі ў Гродне супрацоўнікі ДАІ затрымалі вадзіцеля Audi з прыкметамі алкагольнага ап’янення. Ад праходжання медагляду 39-гадовы жыхар Гродна адмовіўся. З улікам таго, што мужчына раней быў судзімы за аналагічныя дзеянні, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 317−1 КК Беларусі. Аднак на стадыі праверкі ён, неаднаразова адбываўшы ў месцах пазбаўлення волі пакаранні за здзяйсненне розных злачынстваў, схаваўся ад крымінальнага пераследу.

— Следчыя ініцыявалі перад супрацоўнікамі АУС правядзенне разыскных мерапрыемстваў, а пасля завочнага вынясення пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага фігуранта абвясцілі ў вышук, у тым ліку міждзяржаўны па лініі Інтэрпола, — распавялі ў СК.

5 красавіка 2019 года Інтэрпол апавясціў пра тое, мужчына, які знаходзіўся ў вышуку, затрыманы праваахоўнымі органамі Каралеўства Швецыі па падазрэнні ў выкарыстанні падробных дакументаў і здзяйсненні крадзяжу ў Стакгольме. Зараз разглядаецца пытанне перадачы абвінавачанага беларускаму боку для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.