Шчучынскую і навагрудскую “малочку” зноў дазволілі вазіць у Расію

Рассельгаснагляд з 16 сакавіка здымае часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі шасці беларускіх прадпрыемстваў, піша TUT.BY.

Права паставак у Расію сухой малочнай прадукцыі зноў атрымалі ТАА «Праймілк» (Шчучын) і ААТ “Бабушкина крынка”. Абмежаванні знятыя ў адпаведнасці з дарожнай картай на 2019 г., а таксама з улікам ліквідацыі парушэнняў і гарантый беларускага боку, паведамляе ведамства.

Акрамя таго, з улікам ліквідацыі выяўленых парушэнняў і гарантый ветэрынарнай службы Беларусі адмяняюцца часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію сыроў «Мстиславльмолока», сухой малочнай прадукцыі Быхаўскага філіяла «Бабушкінай крынкі», сыроў і масла малочнай кампаніі «Навагрудскія дары», прадукцыі Ашмянскага мясакамбіната (за выключэннем забароненай да ўвозу па прычыне дзеючых абмежаванняў па АЧС).

Пастаўкі дапускаюцца пры ўмове ўвозу прадукцыі ў рэжыме ўзмоцненага лабараторнага кантролю, прадукцыя павінна быць выпушчана з 16 сакавіка і суправаджацца электронным ветэрынарным сертыфікатам, падкрэсліваюць у Рассельгаснаглядзе.

Сістэматычныя прэтэнзіі да якасці малака і малочных прадуктаў, якія пастаўляюцца з Беларусі, у Рассельгаснагляду ўзнікаюць ужо даўно. У пачатку 2018 года служба мела намер абмежаваць увоз асобных відаў беларускай малочнай прадукцыі з суседняй краіны. Але тэрмін увядзення гэтай меры пераносіўся, а ў сакавіку Рассельгаснагляд зусім адмовіўся ад увядзення абмежаванняў. Тады Аляксандр Лукашэнка, каментуючы магчымае абмежаванне Расеяй паставак, заявіў, што малако «стала нахабным палітычным інструментам».

Беларусь – найбуйнейшы пастаўшчык малака ў Расію. Па дадзеных Рассельгаснагляда, у 2017 годзе Беларусь завезла ў Расію 950,5 тыс. т малочнай прадукцыі, на яе долю прыйшлося 86% ад усяго расійскага імпарту.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: