Загаварыў праз тры дні, інфармацыю на девайсах аднавілі. СК аб трагедыі ў Стоўбцах

Перад нападам на школу ў Стоўбцах падазраваны дзесяцікласнік выдаліў усе запісы з тэлефона і кампутара. Але іх удалося аднавіць, як і амаль усю карціну падзей у той дзень. Пра гэта заявіў кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч на нарадзе ў прэзідэнта, паведамляе TUT.BY са спасылкой на газету «Звязда».

«Па гэтай справе ўжо праведзены вялікі аб’ём следчых дзеянняў. Карціна здарэння фактычна нам зразумелая. Для следчых на дадзены момант галоўная задача – высветліць не як гэта адбылося (гэта і так зразумела), а чаму гэта адбылося», – сказаў Наскевіч.

Паводле яго слоў, гэта стала магчымым пасля допыту падазраванага, які пачаў казаць праз тры дні маўчання.

«Пакуль мы вельмі крытычна ставімся да таго, што ён кажа, паколькі яго паказанні не заўсёды суадносяцца з аб’ектыўнай карцінай здарэння».

Наскевіч згадаў, што шмат у чым зразумець матывы падлетка дапамагае інфармацыя, атрыманая з адноўленых дадзеных з мабільніка і кампутара. Школьнік, па словах следчага, перад нападам «пачысціў» свае девайсы.

«Мы зараз гэтай інфармацыяй валодаем. У інтарэсах следства я не стану раскрываць, што ў гэтым тэлефоне было. Але скажу, што ў пэўнай ступені гэта пралье святло на матывіроўку яго дзеянняў», – сказаў Наскевіч.

Нагадаем, раніцай 11 лютага вучань 10-га класа СШ № 2 у Стоўбцах напаў з нажом на настаўніцу і школьнікаў. У выніку загінулі педагог і старшакласнік, а двое вучняў трапілі ў лякарню.

Сьледчыя паведамлялі, што школьнік прыйшоў у школу каля 7.40, пасля чаго паставіў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога заступіліся два аднакласніка – 15 і 16 гадоў. Настаўніца загінула, хлопчыкі атрымалі раненні. Пасля гэтага падазраваны выбег з класа і зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на 11-класніка, той загінуў.

Падазраваны збег з школы, яго затрымалі праз дзве гадзіны супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Згодна з вынікамі медыцынскага агляду, падлетак не быў ні ў стане алкагольнага ап’янення, ні пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Таксама вырашалася пытанне аб прызначэнні экспертызы, каб высветліць псіхічнае стан школьніка. Таксама паведамлялася, што ў заплечніку ў падлетка быў знойдзены малаток, а пры асабістым вобшуку – дымавыя шашкі і петарды.

21 лютага стала вядома, што двух пацярпелых школьнікаў выпісалі з бальніцы.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: