Суд агучыў прысуд былому начальніку Гродзенскага аблздрава Андрэю Стрыжаку

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Былы кіраўнік Гродзенскага аблздрава Андрэй Стрыжак асуджаны на 7,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама яму забаранілі займаць пэўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў. Такі прысуд вынес сёння суд Цэнтральнага раёна Мінска, піша TUT.BY.

Рашэнне абвясціла суддзя Юлія Густыр.

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў аб спагнанні з медыка «сумы неабгрунтавана атрыманай выгады», гэта значыць сумы хабараў на суму 38 тысяч 105 рублёў і 34 капейкі. У Стрыжака ў кошт пагашэння шкоды канфіскуюць 8 сярэбраных і залатых зліткаў, 6 памятных манет, 4 карціны, нагрудныя знакі, антыкварную манету і набор з 7 чайных лыжак.

Напярэдадні пракурор Максім Чупрыс прасіў суд прызначыць былому чыноўніку 7,5 гады пазбаўлення волі. У апошнім слове сам Стрыжак казаў: раскайваецца, просіць улічыць яго яўку з пакаяннем на імя кіраўніка КДБ і супрацоўніцтва са следствам.

Былога кіраўніка Гродзенскага аблздрава Андрэя Стрыжака судзілі за хабар. Па версіі следства, чатыры гады ён атрымліваў грошы ад бізнесменаў, якія паставілі (або збіраліся) медтэхніку ў бальніцы і дыспансеры – у якасці «падзякі» за своечасовы разлік за тавар. Усяго хабараў на больш чым 30 тысяч долараў.

Сярод хабарадавальнікаў у судзе былі згаданыя такія пастаўшчыкі, як «Тангенс», «Геол-М», «Белрэамед» і «Медысфера». У судзе адзін з бізнесменаў згадваў: нярэдка аплату за тавар «цягнуць» з-за праблем фінансавання аховы здароўя, што абарочваецца стратамі. А са Стрыжаком, паводле яго слоў, «было прыемна мець справу»: той дамагаўся разліку. За гэта потым удзячныя бізнесмены прыносілі яму грошы: хто 5 тысяч еўра, хто 10 тысяч долараў.

Стрыжак прызнаў толькі частку з заяўленых ў абвінавачванні хабараў на агульную суму прыкладна 19,7 тысяч долараў (а не 30). Гэтыя грошы ён кампенсаваў яшчэ падчас следства.

У спрэчках адвакат Андрэя Стрыжака распавядаў: той пачынаў у 1987-м звычайным тэрапеўтам у сельскай лякарні, а па выніках 2016-га ўпраўленне, якім ён кіраваў, стала другім у Беларусі на аглядзе-конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Сярод узнагарод і дыпломаў у медыка маецца знак «Выдатнік аховы здароўя РБ».

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: