Трагедыя ў Стоўбцах. Сваякі і знаёмыя кажуць пра нападніка: “спакойны, адэкватны”

Сёньня ранкам дзесяцікласнік Вадзім М. напаў з нажом на настаўніцу і вучняў у сярэдняй школе №2 у Стоўпцах. 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства памерла ад ранаў. Таксама загінуў 17-гадовы падлетак, два — 15-гадовы і 16-гадовы — застаюцца ў рэанімацыі.​

Што расказваюць відавочцы

Сваяк аднаго з пацярпелых хлапцоў распавёў, што пасля пачатку ўроку гісторыі вучань М. зайшоў у клас. Спачатку напаў на настаўніцу. Другі хлапец, які загінуў, найхутчэй, заступаўся за настаўніцу.
Пасля нападнік выйшаў праз чорны ход і стаў уцякаць. Сустрэў двух хлапцоў, якім таксама нанёс раненні. У аднаго з іх пашкоджанае лёгкае і ключыца, зрабілі аперацыю. Другі пацярпеў не так моцна. Усе пацярпелыя непаўналетнія.

Трагедыя ў Стоўбцах. Сваякі і знаёмыя кажуць пра нападніка: "спакойны, адэкватны"

Сям’я спакойная і працавітая, хлопец нармальны і адэкватны

Бацька Вадзіма М., які ўчыніў напад у стаўпцоўскай школе, працуе вадзіцелем у камунгасе ў Стоўпцах. Там жа, прыбіральшчыцай, працуе і маці. Абаім няма яшчэ і 40 гадоў. Яны паходзяць з вёсак у Стаўпецкім раёне. Жывуць у Стоўпцах, паведамляе “Радыё Свабода”.
Трагедыя ў Стоўбцах. Сваякі і знаёмыя кажуць пра нападніка: "спакойны, адэкватны"

Як распавяла сваячка, у сям‘і, апрача Вадзіма М., ёсць меншая дачка, якая ходзіць у 5-ы клас той самай школы, дзе адбылося здарэнне.

«Мне сёння звоняць без канца сваякі. Ну ўсе кажуць, што ён узорны вучань, паводзіны добрыя, а што яму сталася? Ці ён што ў інтэрнэце рабіў, ці чым займаўся!? Бацька ягоны заўсёды быў рады, што ён дома, з сям‘ёй, ні ў якія дурныя кампаніі не лез. Заўсёды з бацькамі, разам. Ніколі бацькі раней на яго не скардзіліся, што курыць ці яшчэ што», – кажа стрыечная бабуля Вадзіма М.

Сям‘ю, у якой выхаваўся хлопец, яна называе спакойнай і працавітай. А самога Вадзіма М. называе «нармальным і адэкватным хлопчыкам».

“Такое пачуццё, што ён наогул не ўмеў злавацца”

Андрэй (імя зменена) тры гады таму тусаваўся з Вадзімам у агульнай кампаніі, піша “Наша Ніва”. Потым іх шляхі разышліся. Пра Вадзіма кажа: ён быў даволі закрытым і спакойным.

— У апошні час ён кантактаваў толькі з адным сябрам, нібы яго суседам. Вучыўся ён добра, быў прыкладам у матэматыцы. Канфліктаў ні з кім ніколі не было. Усе аднакласнікі зараз у вялікім шоку. Ніхто не можа паверыць, што гэты хлопец са сваёй светлай галавой мог пайсці і здзейсніць двайное забойства. Ніякай нянавісці да кагосьці ў яго дакладна не было. Нават наадварот.

Трагедыя ў Стоўбцах. Сваякі і знаёмыя кажуць пра нападніка: "спакойны, адэкватны"
Мініст аховы здароўя Беларусі Валеры Малашка (на пярэднім плане)

Ён ніколі ні на каго не злаваўся. Такое пачуццё, што ён наогул не ўмеў злавацца. Абыякавы быў да ўсіх.

У школу № 2 аднакласнік Аляксей перайшоў паўгода таму. Сёння на занятках ён не быў, што адбывалася ў момант нападу, ведае са словаў іншых. Пра нападніка кажа так:

— Ён быў даволі закрытым. Кантактаваў з усімі ў класе, але сябраваў толькі з суседам па парце, з якім жыў побач. Смяяўся з ім заўсёды, відэа глядзеў. Для сябе я зразумеў, што ён выдатны нармальны пацан.

Па словах Аляксея, у Вадзіма не было канфліктаў ні з аднакласнікамі, ні з настаўнікамі.

— Ён ніколі не агрызаўся з настаўнікамі, заўсёды сядзеў моўчкі. Нават калі «двойку» паставяць — ён сядзе спакойна і будзе глядзець у кніжку, паўтараць. А калі дастане тэлефон і настаўніца зробіць заўвагу — таксама нуль рэакцыі, ён проста адкладзе яго ўбок і ніколі не будзе пратэставаць.

З загінулай настаўніцай гісторыі канфліктаў у яго таксама не было, лічыць Аляксей.

— Апошнія дні ён быў у сваім звычайным стане. Калі мне сказалі, што ён зрабіў, я не мог зразумець, што гэта ён: «Як? Не можа быць?»

Пра канфлікты ў класе Аляксею таксама нічога невядома.

— Ніякіх канфліктаў нават сярод хлопцаў. Калі нешта ўзнікае, спакойна іх вырашаем. Ён ніколі ў бойку не палезе дакладна. Ён спакойны хлопчык, сядзіць і нікога не кранае, не грубіяніць і не агрызаецца.

Трагедыя ў Стоўбцах. Сваякі і знаёмыя кажуць пра нападніка: "спакойны, адэкватны"

Затрымалі ў жылым доме непадалёку. “Хачу пагрэцца”

Пасля нападу Вадзіму ўдалося схавацца. Затрыманне адбывалася ў жылым трохпавярховым доме непадалёк ад гаспадарчай крамы на вуліцы Ленінскай у Стоўбцах. Жыхарка гэтага дома Надзея, імаверна, была апошняй, хто бачыў хлопца да затрымання.

— Звычайна а палове на дзясятую выязджаю. Вынесла каляску з кватэры, падперла ёй дзверы ад пад’езда, каб яна засталася адкрытай. Тут у пад’езд зайшоў хлопец і падняўся на трэці паверх. Я падумала, што гэта, можа, да ўнукаў нашых суседзяў пайшоў хлопчык. Але потым ён хуценька спусціўся і сеў на падаконне. Я зачыняю дзверы і кажу: «Ты што, тут чакаеш кагосьці?» Ён адказаў: «Не, я пагрэцца хачу, вельмі холадна на вуліцы».

Надзея кажа, што ён быў апрануты ў цёмную куртку і штаны. Вонкава ён быў вельмі спакойны. Паводзіў сябе ветліва, павітаўся і распавёў пра тое, што цяпер пагрэецца, а потым «а 12-й гадзіне да яго павінны прыйсці госці».

— Ну і ўсё. Я пайшла на прыпынак, села ў аўтобус, але сэрца не на месцы. Хлопец малады. Навошта яму грэцца ў пад’ездзе? Якіх гасцей ён будзе чакаць? У гэты час да мяне падыходзіць кандуктар, распавядае, што адбылося ў нас у горадзе. Так я і зразумела, што гэта ён.

Паставіў на аватарку чалавека ў масцы Гая Фокса

15-гадовы Вадзім М. перад тым, як здзейсніць напад на школьнікаў і настаўніцу, выдаліўся з сацыяльных сетак. “Наша Ніва” ўзнавіла старонку хлопца ў сацыяльнай сетцы Укантакце. На аватарцы Вадзім змясціў не сваю фотку, а карцінку з чалавекам у масцы Гая Фокса, які трымае ў руках бейсбольную біту. Гэта быў адзіны здымак, які застаўся на старонцы школьніка.

Трагедыя ў Стоўбцах. Сваякі і знаёмыя кажуць пра нападніка: "спакойны, адэкватны"

Што пагражае затрыманаму

СК распачаў крымінальную справу аб забойстве дзвюх асобаў. ​Крымінальная адказнасць за забойства надыходзіць з 14 гадоў.

За забойства двух і больш чалавек паводле ч.2 арт. 139 КК РБ могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне (апошняе не ўжываюць да злачынцаў, маладзейшых за 18 гадоў).


https://hrodna.life/2019/02/11/zabityi-u-stoubcah-shkolnik-razmaulyau-pa-belarusku/

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: