Навіны

Фару, Каложу і іншыя помнікі зрабілі з гліны ў Сапоцкіне

У пасёлку Сапоцкін з’явіўся музей, дзе сабраны макеты вядомых архітэктурных помнікаў бязвізавага рэгіёна. Экспазіцыя стане яшчэ адной адметнасцю ў турыстычным маршруце, які вядзе на Аўгустоўскі канал, лічаць арганізатары. Тут у адным месцы сабраны прататыпы амаль 20 славутасцяў Гродна і наваколля. Стварылі макеты майстры-керамісты даволі хутка, усяго за два месяцы, піша «Звязда».

А вось ідэя ўзнікла значна раней. Як расказала начальнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч, такая думка з’явілася пры наведванні калгаснай майстэрні керамістаў у аграгарадку Верцялішкі. Сярод работ убачыла некалькі храмаў. Вось тады і падумала: а чаму не зрабіць цэлую экспазіцыю славутых мясцін раёна?

Майстры прапанову падтрымалі і на аснове фотаздымкаў і віртуальных канструкцый узяліся за справу. Літаральна за два месяцы з’явілася сапраўдная экспазіцыя. Было вырашана, што размесціцца музей мініяцюр у культурна-турыстычным цэнтры гарадскога пасёлка Сапоцкін.

— Адрас невыпадковы. Праз Сапоцкін праходзіць адзін з самых папулярных турыстычных маршрутаў, які злучае Гродна і Аўгустоўскі канал, — расказвае Наталля Рамановіч. — Тут ёсць музей пісанкі, дзе можна прайсці майстар-клас па мясцовай тэхналогіі роспісу велікодных яек. Таму вырашылі акумуляваць матэрыяльную і нематэрыяльную спадчыну ў адным месцы. Дарэчы, усе храмы, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Турысты, пабачыўшы іх у мініяцюры, магчыма, зацікавяцца і рэальнымі архітэктурнымі помнікамі з іх багатай гісторыяй.

Бадай, самым знакамітым у раёне можна назваць палацава-паркавы комплекс Свяцк. Будаваўся ён у ХVІІІ стагоддзі па праекце італьянскага архітэктара Джузепе Сака для знакамітага роду Валовічаў. Але тым не пашчасціла тут пажыць. Існуе паданне, што дачка-шляхцянка пакахала мясцовага конюха, і бацька жорстка з імі расправіўся, загадаў пазбавіць абодвух жыцця. Кажуць, што постаць той дачкі доўгі час бачылі ў апусцелым палацы. Да вайны тут месцілася наркалагічная лячэбніца, у пасляваенны час — санаторый для хворых на сухоты. Некалькі гадоў таму тут пачалася маштабная рэканструкцыя, у выніку якой палац стане турыстычна-забаўляльным цэнтрам з гатэлем. Макет якраз і адлюстроўвае яго будучы выгляд.

Вельмі прыгожа выглядае шматкупальная царква, якая ў рэальнасці знаходзіцца ў вёсцы Мількаўшчына. Дарэчы, гэта вёска, у якой нарадзілася Эліза Ажэшка. Праўда, царква тут будавалася ў той час, калі пісьменніца жыла ў Гродне, гэта было ў 1904 годзе.
А будаваў храм на ўласныя сродкі ўдзельнік руска-турэцкай вайны, генерал-лейтэнант Канстанцін Шырма. Займаючы пасаду начальніка Санкт-Пецярбургскага ваеннага гарнізона, ён узяў за аснову праект сваёй гарнізоннай царквы. Будавалі храм талакой. І скончылі даволі хутка — за два гады. Царкву не пашкодзілі дзве вайны, але яна пачала разбурацца, калі тут месціліся збожжасховішча і млын. Праўда, у 90-я гады мінулага стагоддзя мясцовыя майстры ўзнавілі святыню.

Экскурсавод Анастасія Бугвіна можа расказаць шмат цікавага аб кожным гістарычным помніку, які прадстаўлены ў мініяцюры. Вось, напрыклад, царква Аляксандра Неўскага, што пабудавана ў Індуры ў другой палове ХІХ стагоддзя. Спачатку праект быў вельмі дарагі, і яго перадалі іншаму прыходу. А тут пабудавалі больш просты будынак, тым не менш у выніку атрымаўся арыгінальны пірамідальны сілуэт. Асаблівасцю царквы з’яўляецца вялікае мастацкае пано на сцяне на біблейскую тэму.

— Мы хочам не толькі пазнаёміць з аб’ектам, але і расказаць аб гэтай мясцовасці, дзе знаходзіцца славутасць. Напрыклад, у Адэльску ёсць не толькі помнік культавага дойлідства, але тут жыве вядомы майстар драўляных музычных інструментаў Мар’ян Скрамблевіч, творчасць якога ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. У спіс залічана і традыцыйная рэгіянальная кухня таго ж Адэльска. І такіх цікавых асаблівасцяў у раёне нямала, — адзначыла Анастасія Бугвіна.

Сярод макетаў прыцягвае ўвагу чырвоны касцёл, які знаходзіцца ў Скідзелі. Гэта былы прыдворны храм мясцовых князёў Чацвярцінскіх. Ён, дарэчы, і пабудаваны за іх кошт. Парадаксальна, але пасля вайны тут «кватэраваў» ваенкамат і адкрылі вадзіцельскія курсы. У канцы 90-х на ахвяраванні жыхароў зроблены касметычны рамонт. Аб’ект таксама ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

У макетах адлюстраваны і драўляныя храмы раёна, якія захаваліся ў вёсках Лаша, Прывалка і Парэчча. Усе яны выкананы ў кераміцы, але выглядаюць адпаведна са сваёй структурай.

У цэнтры экспазіцыі можна пазнаць славутасці Гродна — Фарны касцёл, Свята-Пакроўскі сабор, Каложу, пажарную каланчу. Адсюль пачынаецца турыстычны маршрут на канал. Дарэчы, на карце маршрута ёсць такія аб’екты, як доты і фарты. Вакол канала іх не адзін дзясятак. Макет дота таксама вырашылі ўключыць у экспазіцыю. Нядаўна ён стаў чарговым экспанатам музея.

— Мы будзем папаўняць экспазіцыю, — паведаміла Наталля Рамановіч. — У будучым тут з’явяцца страчаныя помнікі культуры рэгіёна. Напрыклад, у самім Сапоцкіне некалі былі ўніяцкая царква, сінагога, яны таксама будуць адлюстраваны ў макетах па старых фотаздымках. Хочам таксама прадставіць старажытнае яцвяжскае гарадзішча.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024