Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага года. Аднак улады пакінулі пралазы

Новы варыянт закону «Аб нарматыўна-прававых актах», які пачаў дзейнічаць з 1 лютага, уводзіць забарону на любое змяненне законаў ды іншых прававых актаў раней як праз год пасля іх прыняцця або ўнясення апошніх паправак. “Радыё Свабода” разбіралася, што гэта значыць.

Калі дакумент яшчэ толькі абмяркоўвалі ў Палаце прадстаўнікоў, яго ў кулуарах называлі «законам аб стабільнасці». І згадвалі выпадкі, калі папраўкі ў закон уносіліся некалькі разоў цягам ня тое што аднаго году, але нават адной і той жа сесіі.

Анісім: «Я падтрымала гэты закон»

Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага года. Аднак улады пакінулі пралазы
Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім сказала, што новая норма прывучыць дэпутатаў прымаць законы, якія будуць дзейнічаць не месяц і не два, а прынамсі год.

«Звычайна хібы выяўляюцца тады, калі заканадаўчыя акты пачынаюць дзейнічаць. І калі недахопы становяцца бачнымі праз пару месяцаў, то гэта прызнанне недапрацоўкі заканадаўцаў. Гэта яны прынялі «сыры« закон. Новыя правілы прымусяць дэпутатаў быць больш адказнымі», – лічыць дзейная дэпутатка.

Дабравольскі: новая норма – спроба забараніць змены

Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага года. Аднак улады пакінулі пралазы
Аляксандр Дабравольскі

Юрыст Аляксандр Дабравольскі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 склікання, кажа, што ў тэорыі права ёсць паняцце «гнуткасці закону».

«З аднаго боку, закон не павінен мець памылак. А з другога, быць стабільным. Баланс паміж гэтымі правіламі і паказвае ровень прававой культуры».

Дабравольскі называе новую норму «забаронай зменаў». І кажа, што гэта «эрзац, сурагат заканатворчай дзейнасці».

«У нас няма свабодных выбараў. А значыць, няма і адказнага парламэнту. У нашым Вярхоўным Савеце, апошнім, які абіраўся больш-менш дэмакратычна, перад прыняццем законаў шмат дыскутавалі. І гэта дапамагала пазбягаць сур’ёзных памылак», – кажа Дабравольскі.

Чавусаў: «Улады пакінулі для сябе два пралазы»

Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага года. Аднак улады пакінулі пралазы
Юрась Чавусаў

Палітолаг і юрыст Юрась Чавусаў звяртае ўвагу на тое, што норма аб недатыкальнасці заканадаўчых актаў «не такая ўжо жалезабетонная».

«Там ёсць дзве рэчы, пра якія ўлады маўчаць. Першая – запісана «як правіла, не раней за год«. Вось гэтае «як правіла« дае рэальную магчымасць у асобных выпадках не чакаць аднаго году. Другая – запісана «калі іншае не прадугледжана законамі альбо актамі прэзідэнта«. Гэта азначае, што кіраўнік дзяржавы і нават парламент могуць пастанавіць, што нейкую норму трэба перагледзець раней як праз год», – падкрэслівае эксперт.

Ён дадае, што новая норма красамоўна сведчыць пра стаўленне да законаў і да права, якое ёсць у Беларусі.

«Заканатворчы працэс успрымаецца не як палітычны працэс, не як працэс дасягнення балансу інтарэсаў розных плыняў грамадства, а як працэс адміністратыўны. На першы план выходзіць напісаць «добры« закон, каб ён быў не супярэчлівы, зразумелы.

З гэтай прычыны ў Беларусі асноўным месцам, дзе пішуцца законы, стаў не парламент і нават не Адміністрацыя прэзідэнта, а так званы НЦЗПД – Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Гэта арганізацыя экспертаў, якія пішуць тыя законы, якія ім замовяць. А ў парламенце іх толькі шліфуюць, удакладняюць, але канцэптуальна не змяняюць», – тлумачыць Чавусаў.

Урадавая пастанова, якую адмянілі праз… тыдзень

28 ліпеня 2009 году была прынята пастанова Савету Міністраў Беларусі пад № 991. Яе адмянілі ўжо 4 жніўня. Гэты дакумент фактычна спыніў гандаль у краіне. Дакумент дазваляў вытворцам прадаваць свой тавар толькі спажыўцу. Тады Аляксандр Лукашэнка абурыўся: «Узнялі на дыбкі ўсю краіну».

Папярэдняя рэдакцыя закону «Аб нарматыўна-прававых актах», у якой не было нормы «аб недатыкальнасці заканадаўчых актаў», дзейнічала з 2000 году.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага года. Аднак улады пакінулі пралазы

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: