Міліцыя затрымала Аляксея Шчадрова. Каб прызнаўся ў крадзяжы, білі ўсю ноч

Аляксея Шчадрова, былога медыка, які адкрыў прытулак для бяздомных пад Шчучынам, усю ноч дапытвалі і збівалі міліцыянты. Той прызнаўся, каб яны спыніліся, піша Белсат.

31 студзеня Аляксей Шчадроў, вядомы таксама як брат Луіджы, паехаў у больніцу Шчучынскага раёну, каб вырваць зуб. Пасля таго, як ён вярнуўся дахаты, да яго завіталі міліцыянты.

«Мяне абвінавацілі ў тым, што ў шпіталі я нібыта забраў кашалёк з трэцяга паверху хірургіі. Міліцыянты пабачылі на камерах назірання, што я, раней судзімы, быў у той час у шпіталі – і забралі мяне», – распавядае «Белсату» Аляксей Шчадроў.

Наступныя суткі Аляксей Шчадроў правёў у міліцыі, дзе яго збівалі, дапытвалі і зноў збівалі.

«Двое старэйшыя лейтэнанты сказалі, што праколюць мне вушы і пачалі шчоўкаць стэплерам каля галавы. Іншы старшына запытаўся, колькі ўдараў дручком я вытрымаю – і пачаў біць мяне па плячах і па руках», – распавядае Шчадроў.

Міліцыянты папярэдзілі мужчыну, што калі ён не прызнаецца, яны будуць біць яго ўсю ноч.

«Я не спаў усю ноч. І ўсю ноч яны білі мяне па галаве і па плячах. Каб яны спыніліся, я сказаў, што гэта я скраў кашалёк, але выкінуў яго. Калі мы паехалі ў месца, дзе я яго «выкінуў», гаманца там не было. Потым паехалі ў іншае месца – і там таксама не было. Калі раніцай прыйшлі аператыўнікі, сталі разбірацца ды паглядзелі ўсе камеры назірання, яны зразумелі, што нешта не складваецца», – прагцявае ён.

Пасля таго, як аператыўнікі пабачылі на запісах відэаназірання, што Шчадроў не заходзіў на той паверх, дзе знік гаманец, яго адпусцілі. Дахаты ён вярнуўся ўвечары пятніцы.

Дзяржава супраць Шчадрова

Аляксею Шчадрову – 33 гады. У маладосці ён працаваў фельчарам «хуткай дапамогі». Маючы доступ да лекаў, ён пачаў гандляваць прэпаратамі, якія прадаюцца ў аптэках па рэцэпту.

За гандаль наркотыкамі ён адседзеў тры гады.

«За ўсе свае злачынствы я расплаціўся», – кажа Шчадроў.

Сем гадоў таму, пасля вызвалення, мужчына набыў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну хату, дзе зарганізаваў прытулак, у якім даглядае бяздомных людзей, дапамагае ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця.

Шчадрову не дапамагаюць ані Царква, ані Касцёл, прытулак не мае афіцыйнай рэгістрацыі – і не даспадобы ўладам. Мясцовыя чыноўнікі не раз прымушалі Шчадрова зачыніць асяродак, пазалетась супрацоўнікі КДБ зладзілі ў прытулку ператрус.

«Улада, якая не ў стане дапамагчы, яны топчуць гэтую асобу, гатовыя расцерці. То бок: «мы не дапамагаем, і ты не будзеш дапамагаць», – распавядаў нашаму каналу адзін з бяздомнікаў, які жыў у Шчадрова.

У 2017-м Аляксея запісалі ў «дармаеды».

Грашыма і адзеннем прытулку дапамагаюць прыватныя асобы, а таксама сябры партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

У 2015-м на фестывалі «Лістапад» фільм «Белсату» «Госці» пра Аляксея Шчадрова прызналі найлепшай стужкай у конкурсе дакументальнага кіно.

 

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: