Вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Арлова знайшлі ў пятлі 5 верасня. На яго шыі былі дзве стангуляцыйныя баразны. Родныя катэгарычна не згодныя з версіяй пра суіцыд, піша «Радыё Свабода».

20-гадовага Аляксандра Арлова з вёскі Краснае Карэліцкага раёну пахавалі 7 верасня. У Мінску ў гэты час ішоў працэс у справе аб смерці Аляксандра Коржыча. Арлова, як і Коржыча, знайшлі ў пятлі ў частцы, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Цела адвезлі на экспертызу, пасля перадалі родным. Афіцыйная версія смерці, агучаная на сайце Мінабароны, — суіцыд. Маці загінулага салдата Вольга выказвала сумненні ў гэтым ужо ў дзень пахавання. На шыі яе сына былі відаць дзве стангуляцыйныя баразны, што, на яе думку, можа сведчыць пра крымінальны характар здарэння.

Пахаваньне Аляксандра Арлова, верасень 2018
Пахаванне Аляксандра Арлова, верасень 2018

Праверку па факце смерці Аляксандра Арлова праводзілі ва ўпраўленні Следчага камітэту Гродзенскай вобласці. Яна пачалася ў верасні і працягвалася амаль пяць месяцаў. Па словах маці загінулага салдата Вольгі, у СК ёй расказвалі пра неабходнасць апытаць саслужыўцаў сына, а таксама правесці вялікую колькасць экспртыз. Ліст з вынікамі праверкі Вольга атрымала толькі 26 студзеня 2019 году.

«Даслалі ліст. Пішуць, што схілення да самагубства не было, — расказала Свабодзе Вольга. — 17.01.2019 упраўленнем Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці прынятае рашэнне адмовіць у завядзенні крымінальнай справы па факце смерці Арлова А. праз адсутнасць складу злачынства. А адкуль дзве баразны на шыі і пашкоджанне скуры на лбе — пра гэта нічога не гавораць. Тэксту медыцынскай экспертызы цела сына мне ніхто не паказаў. Следчая сказала, што не мае права мне яго паказваць. Трэба пісаць заяву з просьбай даць магчымасць азнаёміцца. Заяву будуць разглядаць, і тады прымуць рашэнне, ці я магу ўбачыць гэтыя дакументы».

Маці Аляксандра Арлова Вольга
Маці Аляксандра Арлова Вольга

Родныя Аляксандра Арлова збіраюцца абскарджваць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

«Напісана, што не давядзенне да самагубства, — гаворыць маці загінулага. — А хто яго тады пабіў, хто павесіў? Адкуль дзірка ў галаве? Здымкі ўсе бачылі. Дзве баразны на шыі. Гэта не рэальна. Атрымліваецца, што ён сябе адзін раз падушыў, потым другі раз палез. Гэта ж абсурд, разумееце?»

Паводле маці загінулага на пачатку верасьня салдата, за час следства да яе ў вёску Краснае пад Карэлічамі некалькі разоў прыяжджалі вайскоўцы са слонімскай часткі, дзе служыў сын. Яны цікавіліся ходам праверкі і прапаноўвалі грошы. На думку жанчыны, такім чынам вайскоўцы спрабавалі дамагчыся яе падтрымкі.

«Я адмовілася ад грошай, сказала, што буду чакаць вынікаў праверкі, — расказвае Вольга. — Нават не пытала, колькі яны хочуць мне даць. Мне ад іх нічога не трэба».

Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінабароны, пасля Аляксандра Коржыча ў беларускім войску ў выніку няшчасных выпадкаў і суіцыдаў загінулі ўжо шэсць вайскоўцаў. Выпадак Коржыча стаў адзіным за працяглы перыяд афіцыйна прызнаным фактам давядзення да самагубства. Пры гэтым як абвінавачаныя ў яго смерці сяржанты, так і маці салдата Святлана Коржыч з высновамі суду не пагадзіліся і падалі касацыйныя скаргі на прысуд. Дата іх разгляду пакуль невядомая.