Венгрыя дасць беларусам «найбольшыя льготы» ў атрыманні шэнгенскіх візаў

Сцяг Еўразвязу ў цэнтры Будапешту

Венгрыя дасць беларусам «найбольшыя льготы» ў атрыманні шэнгенскіх візаў. Пра гэта заявіў пасля падпісання дакументаў паміж міністэрствамі замежных спраў Венгрыі і Беларусі ў Мінску кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Венгрыі Петэр Сыярта, піша “Радыё Свабода”.

Ён не ўдакладніў, якія канкрэтна льготы меў на ўвазе, але сказаў, што крок Будапешту ёсць знакам удзячнасці Беларусі, якая дазволіла бязвізавае знаходжанне грамадзянаў Венгрыі на сваёй тэрыторыі.

Акрамя таго, міністр замежных спраў Венгрыі, які адначасова з’яўляецца і міністрам вонкавага гандлю, сказаў, што Венгрыя сёлета адкрывае крэдытную лінію для беларускіх прадпрыемстваў на 64 мільёны даляраў.

Ён дадаў, што ў складзе дэлегацыі Венгрыі знаходзіцца генеральны дырэктар самага буйнога фармацэўтычнага прадпрыемства ягонай краіны, і ён разглядае пашырэнне прысутнасці Венгрыі на беларускім медыцынскім рынку.

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сыярта
Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сыярта

Паводле міністра, у Магілёве сёлета адкрыецца першае беларуска-венгерскае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе Венгрыя прадставіць беларускім аграрыям сваю тэхналогію вырошчвання кукурузы.

Беларускі бок, у сваю чаргу, прадасць у Венгрыю двухпавярховыя чыгуначныя вагоны вядомай фірмы Stadler.

Будапешт выступае за прагматызм

Адказваючы на пытанне Свабоды пра магчымасць пашырэння дачыненняў Беларусі не толькі з Венгрыяй, але і з усім Еўразвязам, Петэр Сыярта адказаў, што яны заўжды выступалі за прагматычную супрацу з тымі краінамі, якія знаходзяцца за межамі Еўразвязу.

«Гэтую лінію мы праводзілі і ў Еўразвязе, і ў Вышаградскай групе, і мы хочам, каб Еўразвяз вёў больш адкрытую палітыку менавіта з тымі краінамі, якія пакуль не ўваходзяць у гэтую структуру. Мы выступаем за пашырэнне Еўразьвязу і гатовыя працаваць над умацаваннем праграмы Усходняга партнёрства».

Сьцяг Вугоршчыны, пацярпелы падчас падзеяў 1956 году
Сцяг Венгрыі, пацярпелы падчас падзеяў 1956 году

Венгерскі міністар дадаў, што пры дапамозе санкцый будаваць партнерства нельга.

«У свой час я пытаўся ў сваіх калег — міністраў замежных спраў краін Еўразьвязу, чаму мы не можам дазволіць біятляністам Беларусі закупляць у нас зброю для спартовых спаборніцтваў? Якую шкоду нанясе гэта Еўразьвязу? На маё пытанне ніхто не адказаў. Але мы прадалі зброю і рады, што беларускія біятляністы дасягнулі з нашай дапамогай вялікіх поспехаў», — сказаў Сыярта.

Лукашэнка: «Разлічваем на падтрымку Вугоршчыны ў Еўразвязе»

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Петэрам Сыярта заявіў, што Беларусь гатовая развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Венрыяй па ўсіх напрамках.

«Можна казаць, што ў нас ёсць таваразварот, па годзе ён вагаецца дзесьці ў межах 180-200 млн даляраў. Але давайце скажам адкрыта, што гэта смешная лічба, улічваючы нашы патэнцыялы, улічваючы тое, як нашы эканомікі былі ў свой час каапэраваныя. Гэта толькі пачатак. Мы гатовыя па ўсіх напрамках прасоўваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Аляксандар Лукашэнка

 

Як адзначыў Лукашэнка, неабходна ўлічваць сяброўства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, яе добрыя стасункі з Кітаем і ўдзел у ініцыятыве «Адзін пояс — адзін шлях».

«Ужо цягнік (кантэйнерныя перавозкі) ходзіць паміж Кітаем і Еўропай, лагістыка выбудаваная. Мы гатовыя тут прадстаўляць вашы інтарэсы. У той жа час мы разлічваем, што вы як сябра Еўразьвязу, прытым вельмі самастойны, які мае сваю пазіцыю, будзеце нас падтрымліваць», — сказаў Лукашэнка.

Макей спадзяецца на поўную адмену санкцый ЕЗ

Гаворачы пра дачыненні з Еўрапейскім Звязам, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што колькасць калісьці пяройдзе ў якасць.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей
Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей

«Мы рухаемся наперад у дачыненнях з Еўразьвязам. І самае галоўнае, што цяпер ёсць узаемная зацікаўленасць у пашырэнні гэтых стасункаў. Асабліва гэта для нас важна ў фінансавай сферы, і нам падабаецца, як мы працуем з Еўрапейскім банкам развіцця і рэканструкцыі. Я хачу заўважыць, што плён у дачыненнях з Еўразвязам у нас ужо існуе, і гэта відаць на лічбах, калі экспарт Беларусі ў краіны Еўразьвязу павялічваецца, а ў Расію памяншаецца. Калі год таму экспарт Беларусі ў Расію складаў 45%, то цяпер ён знізіўся да 38%. А ў краіны Еўразвязу з 26% узрос да 31%».

Уладзімір Макей сказаў, што ў кожнай краіне існуюць свае праблемы, але не трэба гэтыя праблемы вырашаць шляхам санкцый.

«Гэта толькі шкодзіць. Таму мы катэгарычна супраць такога падыходу. Неабходны дыялог, перамовы, спробы зрабіць нешта добрае паступова. У лютым Еўразвяз вернецца да тэмы санкцый для Беларусі, і мы спадзяемся, што новыя рашэнні наконт нашай краіны не будуць такімі жорсткімі».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Венгрыя дасць беларусам «найбольшыя льготы» ў атрыманні шэнгенскіх візаў

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: