У рэстаўратараў Крэўскага замка скончыліся камяні. Тады заснавальнік курсаў «Мовананова» Глеб Лабадзенка ў сацыяльных сетках звярнуўся да беларусаў з прапановай кожнаму прывезці камень для замка. За два дні людзі сабралі грошай на 20 грузавікоў камянёў, некаторыя прывезлі валуны на ўласных машынах, <піша «Наша Н**а».

Крэўскі замак — адно са звёнаў «каменнага ланцуга», збудаванага першымі князямі Вялікага Княства для абароны ад крыжакаў. З ім звязаныя многія гістарычныя падзеі, у тым ліку Крэўская унія. Саму назву «Крэва» гісторыкі выводзяць ад крывічоў. Яго рэстаўрацыю пачалі летась, пад пільным кантролем гісторыкаў з Акадэміі навук. Аднак сутыкнуліся з нечаканай праблемай.

«Размаўляў з рэстаўратарамі Крэўскага замка — у іх скончыліся камяні. Усе, якія раней вываліліся са сцен, паднятыя з зямлі і ахайна ўстаўленыя на месца. Але ясна, што за столькі гадоў разбурэння шмат што расцягалі па будоўлях людзі».

Хай кожны прывязе ў Крэва камень! — з такім незвычайным заклікам выступіў заснавальнік курсаў «Мовананова» Глеб Лабадзенка.

На заклік адгукнуліся многія. Святлана і Андрэй Коласы, Дзмітры Карабач і Андрэй Ігнацік з Падароска (Ваўкавыскі раён) прывезлі прычэпчык валуноў сваёй машынай.

Людзі сабралі грошы на 200 тон камянёў для Крэўскага замкаЛюдзі сабралі грошы на 200 тон камянёў для Крэўскага замка

Іншыя перавялі на камяні для Крэўскага замка грошы. На гэты момант атрымана 1300 рублёў. Абяцана яшчэ 2150 рублёў.

10-тонны грузавік камянёў з дастаўкай каштуе 160 рублёў. Такім чынам, агулам назбіралі на 20 грузавікоў!

За сабраныя сродкі, пачынаючы з панядзелка, штодня пад замак будзе падвозіцца 10—20 тон камянёў. Імаверна, гэтага хопіць, каб будаўнікі скончылі запланаваную на гэты год заходнюю сцяну.

— На будучы год выдзеленае дзяржаўнае фінансаванне, куды закладзеныя і камяні. Але будзем трымаць руку на пульсе — і ў выпадку неабходнасці мабілізуемся зноў. Каб аднавіць усе замкавыя сцены, трэба не адна сотня тон. таму, дапускаю, што нам яшчэ давядзецца падключыцца. Увогуле, гэта моц грамадзянскай супольнасці: учора вы ахвяравалі грошы, а ўжо сёння камяні прывезлі на замак і праца пайшла далей! — піша Лабадзенка і прапануе звязвацца з ім, калі хто хоча далучыцца да справы (labadzenka@gmail.com).

«Хто захоча прывезці ў Крэва свае пару камянёў — пішыце, падкажу, дзе ўзяць там непадалёку, — дадае ён. — Вы толькі падумайце: прыедзеце потым у Крэва, пад адноўлены замак — і скажаце ўнукам: а тут ёсць і мае пару камянёў!» — піша Лабадзенка.

Лабадзенка ўдакладняе, што пажаданыя камяні дыяметрам 30—50 см (можна меншыя, ад 15 см, — яны пойдуць у забутоўку). Ён прапануе проста складаць прывезеныя камяні каля галоўнага ўваходу ў замак.

[irp posts="90 671″ name="Камни, кирпич, мозаика. Три вопроса к историку Чернявскому в связи с реставрацией Кревского замка"]