Настаўніцу звольнілі за фота, як вучні займаюцца музыкай без асвятлення

Фото: Анатоль Мышкевіч

Вучням музычнай школы ў аграгарадку Падлабенні даводзіцца вось ужо колькі месяцаў запар займацца ў памяшканні, дзе няма святла. Выкладчыкі кажуць, што праблему мясцовая ўлада і раённы аддзел культуры абяцалі вырашыць літаральна днямі, але пакуль дзеці на заняткі прыходзяць з ліхтарыкамі. Фатаграфіі трапілі ў сацсеткі, а настаўніцу праз гэта звольнілі. Падрабязнасці расказвае TUT.by.

У Падлабенні жыве каля 700 чалавек. Агульнаадукацыйнай школы тут няма: дзеці на навучанне ездзяць у суседні аграгарадок Рацічы і ў Гродна. Затое ў мястэчку арганізаваныя дадатковыя заняткі для дзяцей. Напрыклад, працуе дзіцячы пакой і «музыкалка» — філіял Абухоўскай музычнай школы. На заняткі да дзяцей педагогі прыязджаюць з Гродна. Навучаюць граць на балалайцы, фартэпіяна, флейце.
Тут займаюцца каля 30 дзяцей. Праўда, музычная школа до апошняга часу месцілася толькі ў двух невялікіх пакоях на першым паверсе будынка сельсавета. І гэтых памяшканняў відавочна было мала.

Настаўніцу звольнілі за фота, як вучні займаюцца музыкай без асвятлення

— Тут раней месцілася прыватная швацкая вытворчасць. Іпэшнік сам цягнуў усе гэтыя правады — яму бракавала магутнасцяў. А потым ён з’ехаў. Правады павёз з сабой. Але да гэтага тут былі пункт прыёму бялізны і цырульня. Святло ў іх таксама было. Чаму цяпер не могуць яго падлучыць, не ведаю. Але ў астатніх памяшканнях у будынку электрычнасць ёсць, а дзеткам-музыкам даводзіцца займацца ў цемры, — кажа супрацоўніца філіяла раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Адна з выкладчыц «музыкалкі» расказвае, што дадатковыя класы для заняткаў па сальфеджыа і музычнай літаратуры ім вылучылі яшчэ ўвесну гэтага года, і праблема з электрычнасцю цягнецца яшчэ з таго часу.

У мястэчку пра праблему юных музыкаў ведаюць. Людзі ўпэўнены, сітуацыя павінна хутка вырашыцца.
— Гэта, вядома, не справа. Дзеці ў школе вучацца ў дзве змены. Нехта на музыку ходзіць зранку, а нехта — увечары. І калі першыя яшчэ ў больш-менш нармальных умовах вучацца, то тыя, хто пасля школы ў «музыкалку» прыходзіць, сядзяць у цемры — дзень ужо кароткі, а заняткі па раскладзе сканчаюцца ўвечары. Дзяцей у музычную школу ходзіць цяпер досыць шмат — і ўсе яны ў сельсавеце не змяшчаюцца, — кажа адзін з мясцовых жыхароў.

Настаўніцу звольнілі за фота, як вучні займаюцца музыкай без асвятлення

Педагогі кажуць, што ім паабяцалі праблему з электрычнасцю вырашыць хуткім часам.
— Праўда, абяцаюць яшчэ з верасня.

У Гродзенскім раённым аддзеле культуры расказалі, што сітуацыя з адсутнасцю святла ў памяшканнях вырашыцца ўжо на наступным тыдні.

— Афіцыйна гэтыя кабінеты нам былі перададзены толькі 14 верасня. Яшчэ тады выкладчыку далі ўказанне праводзіць групавыя заняткі на базе сельскай бібліятэкі, — кажа спецыялістка аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Аксана Грынцэвіч. — Такія заняткі праходзяць па аўторках і чацвяргах і сканчаюцца ў 19.35. Зразумела, што дзеці хочуць вучыцца, і гэта цешыць, што яны прыходзяць на дадатковыя заняткі і гатовы займацца нават у такіх умовах, аднак праводзіць урокі можна было часова і ў іншым памяшканні, дзе ёсць святло і цяпло, пакуль мы развязваем праблему.

Паводле слоў спецыялісткі, ужо распрацаваны будаўнічы план па электразабеспячэнні новых памяшканняў музычнай школы Таксама ўлетку былі атрыманы адпаведныя тэхнічныя ўмовы, а ў лістападзе быў абвешчаны тэндар на правядзенне электрамантажных працаў.

Чытайце яшчэ:  Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

У панядзелак, 19 лістапада, у райвыканкаме пройдзе паседжанне адмысловай камісіі, якая выбера выканаўца працаў — і пытанне з адсутнасцю святла ў філіяле Абухоўскай музычнай школы ў Падлабенні нарэшце мусіць вырашыцца.

Пакуль пытанне са святлом развязваецца на роўні Сельсаветаў, за выкладзеныя ў сетку фота заняткаў з ліхтарыкамі звальняюць выкладчыкаў. Адну з настаўніц прымусілі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні.

Кабета кажа, што хацела проста прыцягнуць увагу да праблемы.

 — Я працую ў прафесіі з сярэдзіны 90-х гадоў. І для мяне проста дзіву годная ўся гэта сітуацыя з адсутнасцю святла і з тым, што мяне папрасілі «на выхад» у сярэдзіне навучальнага года.

— Я наўрад ці знайду хутка новае месца працы. Дый мая дзейнасць тут мне падабаецца, — кажа Алена і дадае, што ў аддзел культуры яе выклікалі сёння, 15 лістапада, з самай раніцы і адразу ж прапанавалі напісаць заяву па пагадненні бакоў. — Я разгубілася і падпісала. Потым расплакалася, а цяпер супакоілася і разумею, што гэта месца працы губляць не хачу. З іншага боку, вельмі асцерагалася, што могуць звольніць па артыкуле — але атрымалася вось так. Зараз не ведаю, што з гэтым усім рабіць.

З сітуацыяй паабяцаў разабрацца каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Гародня» Анатоль Мышкевіч.

 — Я збіраюся наведаць аддзел культуры, пагаварыць з начальствам. Педагог не зрабіла нічога дрэннага, і таму гэта ўся сітуацыя выглядае несправядлівай.

Хоць у аддзеле культуры Гарадзенскага райвыканкама запэўніваюць, што педагогу давалі ўказанні праводзіць заняткі па нотнай грамаце ў будынку мясцовай бібліятэкі, аднак кабета каментуе — там не заўсёды было месца для юных музыкаў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: