Адзін з самых містычных і прыгожых хутароў у Беларусі, які вабіў сваёй загадкавасцю і непаўторнасцю, закрываецца. Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў гаспадар сядзібы Сяргей Коваль.

«Я атрымліваю шматлікія скаргі ад людзей. Людзі розныя — меркаванні розныя. Я іх не асуджаю. Гэта іх погляд. Але і змагацца няма сіл. Калі ўжо ваяваць, то ЗА. Я супраць не ваюю. Цяпер на вароты павесіў замок. Не ведаю, што буду рабіць далей».

Хутар Літоўка месціцца непадалёк ад Наваградка. Гэта гістарычнае месца, апісанае яшчэ ў паэме Адама Міцкевіча «Гражына».

 

Фінальная сцэна з «Гражыны» увасобленая ў сюжэце, які майстры па просьбе Сяргея Коваля размясцілі на аўтобусным прыпынку. Былая звычайная мясцовая хата намаганнямі Сяргея ператварылася ў цудоўны комплекс. Тут шмат кованых рэчаў, сцены ўпрыгожаны ляпнінай, у пакоях шмат пазалоты і старадаўніх рэчаў з дуба. Асобны пакой прысвечаны Уладзіміру Высоцкаму, які тут жыў падчас здымак у фільме «Сыны ідуць у бой».

Уваход у сядзібу заўсёды быў бясплатным.

«Усё для людзей», — сцвярджаў Сяргей Коваль. Цяпер на варотах вісіць замок.