Вітаўт і дальнабойшчыкі. Што аб’ядноўвае Беларусь і Літву, абмеркавалі на Першым грамадзянскім форуме ў Клайпедзе

Каля сотні прадстаўнікоў акадэмічнай сфэры, бізнесу, экспэртнай супольнасці і афіцыйных структур Літвы і Беларусі сабраліся 26−27 кастрычніка ў Клайпедзе, каб абмеркаваць, што аб’ядноўвае і што раздзяляе дзе краіны-суседкі. Дыскусіі на форуме пачаліся з агульнай гісторыі, далей ахапілі тэмы міграцыі і бізнесу. Меркаваннем арганізатараў, публічная і адкрытая камунікацыя грамадскасці дзвюх краін мае звярнуць увагу на выклікі і новыя магчымасці ў супрацы паміж дзяржавамі.

Чый Вітаўт, чыя Вільня

Адносіны паміж Літвой і Беларуссю сёння ці не самыя напружаныя ад пачатку 90-х, зазначалі ўдзельнікі дыскусіі. Прычына таму — «астравецкае пытанне». Гэта тое, што нас раздзяляе. Аб’яднаць беларусаў і літоўцаў, меркаваннем удзельнікаў форума, можа агульнае мінулае.

«Тое, чаго не могуць зрабіць дыпламаты і палітыкі, зробяць гісторыкі. Наша агульнае мінулае зараз стварае агульную будучыню», — казаў сацыёлаг з Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Аляксей Ластоўскі.

Ёсць у агульнай гісторыі свае парадоксы — літоўцы святкуюць дзень каранацыі Міндоўга, як Дзень дзяржавы, але «забываюць», дзе ён каранаваўся. Беларусы ганарацца, што тое было ў Навагрудку, але не адзначаюць гэту дату. У Літоўскіх метрыках - 660 кнігах, няма ніводнага слова па-літоўску, таксама, як і ў Статутах ВКЛ. Раздзяліць агульнае мінулае не атрымаецца, лічыць Рустціс Камунтавічус з Інстытута Вялікага Княства Літоўскага.

«Калі мы хочам больш даведацца пра сябе, то павінны глядзець на Беларусь».

Што да Вітаўта — то ён «прарастае» ў беларускай сучаснасці тралейбусамі і электробусамі, ці бурліць ігрыстым віном «Князь Вітаўт». Праз тое мяркуе гісторык Алег Дзярновіч, беларуская дзяржава замацоўвае сваё права на гістарычную асобу.

Што да Вільні, то хоць яна і літоўская, але знакаў уганаравання беларусаў і беларускай дзяржаўнасці там значна больш, чым у беларускай сталіцы.

«Гісторыю немагчыма прысвоіць, але трэба засвоіць, — падсумаваў мадэратар дыскусіі Альгідас Нікжэнтайціс. — Наша агульная гістарычная памяць — гэта адкрытая кніга. Яна ўжо пачатая, там ёсць уводзіны, напісаны асобныя раздзелы. Але там шмат чыстых старонак. Так што працы яшчэ шмат».

Мяжа і мігранты

Працягласць мяжы паміж Беларуссю і Літвой — больш за 600 кіламетраў. Па розныя бакі мяжы розняцца палітычныя сістэмы, тэхналогіі, мовы. Праз гэта міграцыя беларусаў у Літву не надта вялікая. Па колькасці беларускія мігранты ў Літве трэція пасля ўкраінцаў і рускіх. Большасць з іх, 79%, жыве ў Вільні.

Ці прыносіць тое карысць Беларусі? Мяркуйце самі - 19% ад усіх грашовых пераводаў з Літвы ідзе ў Беларусь. Пра гэтыя факты на форуме распавяла дырэктар Дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы Эвэліна Гудзінайтэ.

З яе словаў, тыповы беларускі мігрант — гэта мужчына 39 гадоў, што працуе ў галіне грузаперавозак. Ён жыве ў Літве адзін, бо мае тут магчымасць зарабіць на ўтрыманне сям'і. Адзін з важных для яго фактараў - магчымасць размаўляць па-руску.

Аднак за некалькі апошніх гадоў сярод мігрантаў з Беларусі з’явілася яшчэ адна група. Тыповы «новы мігрант» — гэта 36-гадовы айцішнік. Ён гаворыць па-англійску і прывозіць у Літву сям’ю з дзецьмі. Такія людзі найчасцей хочуць атрымаць від на жыхарства і застацца ў Літве на стала.

Меркаваннем Эвэліна Гудзінайтэ, працоўная міграцыя можа стаць яшчэ адным шляхам да ўзаемнага крос-культурнага абмену, карыснага для дзвюх краін.

На думку Андрэя Казакевіча, зразумела, чаму ў Літве запатрабаваны беларусы. Яны «не страшныя», іх не ўспрымаюць як мігрантаў, бо «гэта нашы». Апасенні хутчэй выклікаюць стэрэатыпы наконт «ісламістаў-тэрарыстаў». Аднак жа вялікай хвалі міграцыі ў Літву хутчэй за ўсё не адбудзецца. Рынак працы гэтай краіны мае шмат абмежаванняў і не вытрымлівае канкурэнцыі з Расіяй і Польшчай.

Што да культурніцкага абмену паміж краінамі, то ён, на думку Казакевіча, забяспечваецца хутчэй асабістымі кантактамі і даўнімі стасункамі прафесіяналаў, чым працоўнымі мігрантамі.

Бізнес мае быць па-за палітыкай

Для дыялогу наконт беларуска-літоўскага бізнесу Клайпеда пасавала як найлепш. Трэцяя частка перавозак Клайпедскага порта прыходзіцца на беларускія грузы. Яго асноўны партнёр — «Беларуськалій». «Літве агулам, і Клайпедзе ў прыватнасці, было б выгадна, каб палітычныя стасункі з Беларуссю палепшыліся. Тады была б надзея на павелічэнне грузаперавозак, — лічыць віцэ-мэр Клайпэды Юдзіта Сіманавічутэ. Але зараз стасункі паміж бізнесменамі ўскладніліся праз «праблему Астраўца».

«У Літвы і Беларусі ёсць пытанні, дзе меркаванні расходзяцца, але ёсць і сотні пытанняў, дзе мы знаходзім узаемавыгадныя рашэнні. Эканоміка і палітыка ўзаемазвязаныя, будаўніцтва АЭС таксама на іх уплывае. Але трэба пазбягаць эскалацыі канфлікту», — адзначыў дэпутат Літоўскага Сейму Сымонас Гентвілас.

Праз тое зараз Літва мае больш цесныя бізнес-стасункі з Латвіяй і Эстоніяй, а ўлады Клайпеды апасаюцца, што Беларусь можа перанакіраваць свае грузы ў Рыгу, Венспілс ці расійскія парты. Меркаваннем бізнесоўцаў, было б лепш, каб палітычныя пытанні не перашкаджалі весці справы. Маўляў, бізнесмены б дамовіліся хутчэй, не губляючы час на дыскусіі.

Тое, што ўдзельнікі форума казалі адзін аднаму «не толькі кампліменты» зазначыў напрыканцы Альгідас Нікжэнтайціс:

«Калі мы не можам гучна выказаць свае фобіі, дыялог пра тое, што нас аб’ядноўвае, не будзе натуральным. Я б хацеў, каб мы казалі не толькі кампліменты, каб мы не баяліся казаць у голас пра стэрэатыпы, якія жывуць у грамадзтве. Мы суседзі, нам неабходна ўзаемаразуменне. Не салодкая цукровая вата, а размова па справе. Вельмі спадзяюся, што дыялог будзе працягвацца».


Арганізатарамі форуму выступілі муніцыпалітэт Клайпеды, Клайпедскі ўніверсітэт, Форум дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца (Літва), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), Інстытут «Палітычная сфера» (Мінск, Беларусь).

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024