Дадаць навіну
Чацвер, 15 лістапада 2018, 21:00

Жыхарка Гродзенскай вобласці знайшла ў пачку з курынымі субпрадуктамі чалавечы палец

Жудасную знаходку зрабіла жыхарка Гродзенскай вобласці, калі адкрыла пачак з курынымі субпрадуктамі. Там яна знайшла чалавечы палец, а міліцыя ўжо адшукала яго меркаванага ўладальніка.

Жанчына купіла набор курыных шыек, а 21 чэрвеня дастала іх з маразілкі і пакінула на кухні, каб прыгатаваць пазней. І неўзабаве жахнулася, калі ўнутры разгледзела нешта падобнае да чалавечага пальца. Мясцовыя жыхары апублікавалі ў сацсетках здымак упакоўкі з пальцам сярод курыных шыек. TUT.BY не публікуе яе па этычных меркаваннях.

Пакупніца адразу выклікала міліцыю, і супрацоўнікі адшукалі мужчыну з падобнай траўмай. Паводле інфармацыі TUT.BY, ім аказаўся супрацоўнік птушкафабрыкі ў Мінскай вобласці, дзе ў канцы мая і быў выпушчаны той пачак субпрадуктаў.

Ва УУС Мінаблвыканкама пацвердзілі, што міліцыя разбіраецца ў абставінах гэтага выпадку:

«Ад жыхара Гродзенскай вобласці паступіла паведамленне аб выяўленні ва ўпакоўцы з мясной прадукцыяй фалангі пальца. Прадукцыя выраблена на адным з прадпрыемстваў Мінскай вобласці. Праводзіцца праверка. Не выключаецца, што інцыдэнт меў месца ў выніку здарэння на вытворчасці», – паведамілі TUT.BY у абласным упраўленні ўнутраных спраў.

Мясцовыя жыхары абураныя і задаюцца пытаннем: якія меры распачне само прадпрыемства і кантралюючыя службы. Паводле неафіцыйных дадзеных, у пацярпелага работніка фабрыкі адсутнічалі фалангі на некалькіх пальцах.

Партал TUT.BY звязаўся з прадпрыемствам, дзе, як мяркуецца, быў выпушчаны пачак субпрадуктаў. Там заявілі: ужо ідзе разбіральніцтва, правяраюць усю інфармацыю.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: