Дадаць навіну
Аўторак, 16 кастрычніка 2018, 10:09

Школьнікі ў Гродне скардзяцца, што іх прымушаюць ісці ў летні школьны лагер

Фота ілюстрацыйнае, fotto.ru

Бацькі вучняў гродзенскай школы № 27 скардзяцца: дзесяцікласнікаў прымушаюць ісці ў летні школьны лагер. Маўляў, на ўроках дзецям агучылі: ёсць «нарматыў на аздараўленне», ад кожнага класа 25% навучэнцаў павінны адпачыць у дзённым школьным лагеры.

Школьнікі абурыліся. Адміністрацыя навучальнай установы ж запэўнівае: удзел у летніку – справа добраахвотная, але для таго, каб ён працаваў, трэба набраць 20 чалавек, піша
TUT.BY.

– Нам сказалі: вельмі трэба, каб вы пайшлі ў школьны лагер, так што мяняйце ўсе свае планы і не падстаўляйце нас. Калі адмовіцеся проста таму, што не хочаце, то і школа вам насустрач у 11 класе не пойдзе. Наша жаданне нікога не цікавіць. Сказалі, што на клас трэба ўзяць 20 пуцёвак, а ўсяго ў нас 29 вучняў. Не чапаюць толькі некалькіх спартсменаў, у якіх летам трэніроўкі і спаборніцтвы, – кажуць дзесяцікласнікі.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых школах. Так, напрыклад, у СШ № 11 шасцікласнікам таксама настойліва прапануюць школьныя летнія лагеры: маўляў, ад кожнага класа трэба 8 чалавек.

Праўда, у аддзеле адукацыі Гродзенскага гарвыканкама кажуць, што наведванне такіх лагераў – справа добраахвотная, дзецям проста прапануюць розныя віды адпачынку.

Напрыклад, можна адпачыць у намётавых лагерах на прыродзе, пайсці ў паход, аздаравіцца ў лагерах на базе сельскіх школ або на некалькі гадзін у дзень прыйсці на гурток ці спартыўную секцыю, якія будуць працаваць падчас канікул ва ўсіх школах горада.

– Кожная школа проста падае свае магчымасці – спартыўныя секцыі, розныя гурткі. Гэта робіцца для таго, каб дзеці не сядзелі дома летам, а маглі прыйсці ў школу і з карысцю правесці час. Гэта не аздараўленне, а занятасць школьнікаў у канікулярны час. Калі дзіця едзе кудысьці, то бацькі проста паведамляюць пра гэта класнаму кіраўніку. Вядома, мы нікога не можам прымушаць. Усё робіцца па жаданні дзяцей і бацькоў, – распавёў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык.

У школе № 27 ж дзесяцікласнікам прапануюць прыняць удзел у школьным лагеры “Навука”, дзе стаўку зробяць на падрыхтоўку да ЦТ. Але – таксама выключна на добраахвотнай аснове.

– Усё ў нас, вядома, па жаданні. Мы проста дзецям рэкамендуем заняткі ў дадзеным лагеры. Можна прыйсці ў школу і дадаткова пазаймацца матэматыкай, раскай альбо беларускай мовамі. Увогуле, паглыблена вывучыць тыя прадметы, якія дзеці здаюць на ЦТ. Усё ў добраахвотным парадку, але каб гэты лагер функцыянаваў, трэба, каб там было мінімум 20 чалавек, – распавёў дырэктар школы Мікалай Салянскі.

Перадрук без дазволу TUT.BY забаронены

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: