Шэнгенская віза для беларусаў можа не падаражэць да 80 еўра, а патаннець да 35

Прапанова пра падаражэнне шэнгенскай візы да 80 еўра яшчэ будзе абмяркоўвацца ў Еўрапейскім парламенце і Савеце ЕС і не закране Беларусі, калі наша краіна дамовіцца аб зніжэнні візавага збору да 35 еўра, паведамілі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.

Напярэдадні Еўракамісія абвясціла аб распрацоўцы паправак у візавыя правілы ЕС і прапанавала павялічыць памер консульскага збору за шэнгенскія візы – з 60 да 80, піша TUT.BY.

– Прапанаваныя змены яшчэ будуць абмяркоўвацца ў Еўрапейскім парламенце і Савеце ЕС. Да таго як новыя правілы стануць законам, з імі павінны пагадзіцца абодва інстытуты, – патлумачылі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.

Пры гэтым у прадстаўніцтве адзначылі, што павелічэнне візавага збору не закране тыя краіны, грамадзяне якіх плацяць больш нізкі збор – 35 еўра. Збор, нагадаем, паніжаны для краін, якія заключылі з ЕС пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, напрыклад, для Расіі, Арменіі, Азербайджана.

Беларусь ужо некалькі гадоў вядзе кансультацыі і перамовы з Еўрапейскім саюзам па палягчэнні візавых фармальнасцей. Яшчэ ў мінулым годзе паведамлялася аб тым, што перамовы знаходзяцца на завяршальным этапе.

Каб кошт на візы быў зніжаны, Мінск і Брусель павінны заключыць два пагадненні – аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. Ні адзін з дакументаў пакуль не падпісаны, і дакладных тэрмінаў заключэння гэтых пагадненняў не агучана. Аднак калі бакам атрымаецца дамовіцца, то шэнгенская віза для беларусаў можа не падаражэць да 80 еўра, а патаннець да 35.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: