Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму

Адна з найбуйнейшых польскіх сацыалагічных лабараторыяў «Цэнтр даследаваньня грамадскай думкі» (CBOS) правяла даследаванне наконт сімпатый палякаў да іншых народаў. Беларусы апынуліся ў канцы спісу, піша «Свабода».

На першым месцы — чэхі і італьянцы. 44% палякаў ставяцца да іх з сімпатыяй. Далей амерыканцы, англічане (43%), славакі і венгерцы (42%), іспанцы (40%) і іншыя. Больш, чым беларусаў, палякі любяць японцаў, літоўцаў, латышоў, кітайцаў, габрэяў, украінцаў, в’етнамцаў. Беларусы занялі ў спісе пятае месца з канца з 21%.

Пасля беларусаў апынуліся сербы, расіяне, цыганы і арабы.

У стаўленні да беларусаў сацыёлагі зафіксавалі адно з самых вялікіх падзенняў сімпатыі — на 16% за год. На столькі ж сімпатыя палякаў зменшылася толькі да немцаў.

Чаму стаўленне да беларусаў у Польшчы так рэзка пагоршылася і чаму суседзі, з якімі ў палякаў няма сур’ёзных гістарычных і сучасных канфліктаў, апынуліся ў канцы спісу сімпатыяў? З такім пытаньнем Свабода зьвярнулася да польскіх інтэлектуалаў.

Катажына Квяткоўска-Маскалевіч, рэпартэрка, аўтарка кнігі «Забіць цмока. Украінскія рэвалюцыі»

Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму
Катажына Квяткоўска-Маскалевіч

​«Расіянаў мы не любім за Катынь, украінцаў — за Валынь, немцаў і габрэяў за змову пад кодавай назвай «польскія лагеры смерці». Толькі падзенне сімпатыі да беларусаў немагчыма растлумачыць справядлівай крыўдай. Беларусаў у нашым рэгіёне любяць практычна ўсе. Сяброўка з Мінска расказвала мне неяк, што падчас падарожжа па канфліктных Балканах яе паўсюль сустракалі з сімпатыяй. У Сербіі за сербска-беларуска-расейскі саюз праваслаўных славянаў, якому «беларусы не здрадзілі, як подлыя ўкраінцы». У Харватыі беларусаў успрымалі як апазіцыянэраў, якія пакутуюць ад апошняй дыктатуры Эўропы. Яны былі добрыя для ўсіх. І калі мы пагаджаемся з тым, што беларусаў нельга не любіць, то падзенне сімпатыі сведчыць аб тым, што палякі, на жаль, не любяць нікога. І гэта сур’ёзная праблема, бо той, хто нікога не любіць, насамрэч не любіць і сябе».

Мірослаў Янковяк, беларусіст

Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму
Мірослаў Янковяк

«Я думаю, што ў СМІ пашыраецца толькі негатыўны вобраз Расіі і Беларусі. Большасць палякаў, за выключэннем Падляшша, якое зарабляе на беларускім шопінгу, не мела нават магчымасці пазнаёміцца з беларусамі. Калі палякі чуюць беларускую мову, то яны не адрозніваюць яе ад расійскай або ўкраінскай. Думаю, што такі вынік апытаньня сведчыць найперш пра няведаньне краіны, культуры і гісторыі, саміх беларусаў».

Земовіт Шчэрэк, пісменьнік і журналіст

Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму

«Палякі не шмат ведаюць пра беларусаў, апрача таго, што гэта нейкі варыянт „рускіх“. Украінцам з гэтага стэрэатыпу ўдалося вырвацца, а беларусам — не. Але нават тыя палякі, якія нешта ведаюць пра Беларусь, не ведаюць, хто такі беларус: хіпстэр з Мінску, які настойвае на тым, каб размаўляць па-беларуску і носіць бел-чырвона-белы сцяг, або постсавецкі чалавек, якому беларускасць прышчапіў ужо Лукашэнка, зрабіўшы чыстымі вуліцы і раёны, увёўшы „парадак“, чым беларус ганарыцца, бо гэта адрознівае яго ад украінца і расіяніна. Але праўда ў тым, што героямі гэтага сумнага апытаньня зяўляюцца не тыя, хто нешта ведае, а тыя, хто „не любіць беларусаў“, бо агулам „не любіць рускіх“, у рамках дурной лініі ўлады ПіСу. Выказваць публічна кепскія ацэнкі ў адрас іншых народаў у Польшчы ўжо не лічыцца дрэнным тонам. Гэта элемэнт „адрынання дыктатуры палітычнай карэктнасці“ і „ўставання з каленяў“.

Але ёсць і пазітыўны бок. З майго досведу вынікае, што нават калі тэарэтычна паляк „не любіць рускіх“, то калі даходзіць да справы, калі палякі знаёмяцца з імі, то не толькі любяць, а нават хваляцца імі ў сяброўскім коле».

Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка «Белсату»

Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму
Агнешка Рамашэўска-Гузы

​«Галоўная прычына ў тым, што палякі проста не ведаюць, хто такія беларусы. Падчас выбараў пра Беларусь яшчэ больш-менш згадваюць, але гэта ўсё мінула. Сёння Беларуссю ў Польшчы мала хто цікавіцца.

Палякі заўсёды казалі: „Рускія гандлююць на рынку“, але ў нас мала хто разбіраўся, расіяне гэта, беларусы або ўкраінцы. Ніколі не гаварылася пра беларусаў. Беларусь асацыюецца ў большасці з Лукашэнкам. Палякі не любяць Лукашэнку, і гэтую нелюбоў хтосці можа перакладаць на беларусаў. Калі ў грамадзкім і палітычным жыцці ў Польшчы адбываецца нешта заганнае, то гэта называюць „беларускімі стандартамі“ або „як у Беларусі“. Але нейкіх прычынаў для такой істотнай змены сімпатыі я не бачу. Я ўвогуле лічу гэта малаверагодным. Гэта нешта нерэальнае. Палякі проста нічога не ведаюць пра Беларусь і беларусаў».

Якуб Маймурэк, палітычны каментатар

Беларусы сярод самых нелюбімых народаў у палякаў. Польскія інтэлектуалы тлумачаць, чаму
Якуб Маймурэк

«Гэтае апытанне паказвае радыкальнае падзенне сімпатыі палякаў да прадстаўнікоў амаль усіх нацыянальнасьцяў. Можна дапусьціць, што гэта вынікае з росту ксенафобскіх і нацыяналістычных настрояў, якія натхняюць ПіС і СМІ, якія падтрымліваюць уладу.

Цяжка сказаць, чаму беларусы апынуліся так нізка. Цягам апошніх гадоў у нас не было моцнай антыбеларускай прапаганды. Польшча не вядзе з Беларуьсю — адной з нямногіх суседак — ніякай „вайны памяці“, няма ніякай спрэчкі на ніве гістарычнай палітыкі. У адрозьненне ад украінцаў, няма вялікай беларускай эканамічнай эміграцыі, што патэнцыйна магло б быць прычынай нацыяналістычнай агітацыі. Можа, прычына ў тым, што Беларусь часта асацыююць з Расеяй, палітыка якой выклікае хваляванне ў Польшчы. Беларусь таксама мае імідж беднай і адсталай краіны, якой кіруе гратэскавы дыктатар. А магчыма, віна і ў слабай „мяккай сіле“ Беларусі ў Польшчы. Аднак, нават беручы ўсё гэта пад увагу, я ня толькі засмучаны такой лічбай, але і здзіўлены».

Даследаваньне праводзілася цягам першага тыдня лютага. У ім узялі ўдзел 1057 чалавек. У апытанні людзі з вышэйшай адукацыяй часцей выказвалі станоўчае стаўленьне да іншых народаў, радзей казалі пра нелюбоў да іншых народаў. Таксама часцей пра сімпатыю да іншых народаў казалі жыхары вялікіх гарадоў, людзі з высокімі даходамі, моладзь, атэісты, прыхільнікі левых партыяў.

У Цэнтры даследавання грамадскай думкі звяртаюць увагу, што леташняе даследаванне паказала нетыповы вынік, які сведчыць пра вельмі вялікі рост сімпатыі палякаў да іншых народаў. «Таму апошнія вынікі трэба ўспрымаць як пэўную папраўку леташніх», — пішуць аўтары даследавання.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: