З 4 студзеня ў Гродне ў тэставым рэжыме запрацуе яшчэ адна кіназала. Паглядзець фільмы з асаблівай камфортнасцю можна будзе ў моладзевым цэнтры «Гродна», піша «Гродзенская праўда».

Кіназала размесціцца ў прасторным памяшканні, дзе зараз праводзяць дыскатэкі. Галоўная асаблівасць — незвычайныя крэслы-рэклайнеры, якія выконваюць некалькі функцый. Гледачы змогуць апускаць спінку або ставіць ногі на адмысловую падстаўку, каб адпачылі ногі.

— Ужо ўсталяваныя 12 крэслаў-рэклайнераў і 10 лежакоў, — распавёў дырэктар моладзевага цэнтра «Гродна» Міхаіл Шышкоў. — Рыхтуюцца подыумы яшчэ для дзясятка рэклайнераў.

На поўную магутнасць кіназала запрацуе да канца студзеня — пачатку лютага і зможа прыняць адначасова да 50 гледачоў. Тады запланавана і афіцыйнае адкрыццё.

— Галоўнае адрозненне новай залы не толькі ў яго незвычайным фармаце, але і ў якасці карцінкі, — дадаў Міхаіл Шышкоў. — Набылі новае абсталяванне, якое на сённяшні дзень дае найлепшую 3D-карцінку.

На час вячэрніх мерапрыемстваў будзе зноў трансфармавацца ў танцавальную пляцоўку.

Першай пакажуць стужку для юных гледачоў - мультфільм «Цуда-Юда». Да 10 студзеня тут таксама можна будзе паглядзець навагоднюю камедыю «Ёлкі новыя» і біяграфічны мюзікл «Найвялікшы шоўмэн». Кошт квіткоў - 4 і 8 рублёў у залежнасці ад месца ў залі.