Дадаць навіну
Серада, 14 лістапада 2018, 00:27

Затрыманне гродзенца ў Гдыні: каментарыі паліцыі і маці затрыманага

Афіцэр Міхал Зянкевіч з прэс-групы Ваяводскай камендатуры паліцыі ў Гданьску пракаментаваў Свабодзе затрыманне грамадзяніна Беларусі Сцяпана Свідзерскага. Здарэнне адбылося ўвечары 14 лістапада ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у Гдыні.

«Учора каля 19.00 паліцыя атрымала інфармацыю, што ў адным з будынкаў на тэрыторыі Гдыні адбылася страляніна. Паліцыя выехала на месца здарэння і затрымала там 30-гадовага грамадзяніна Беларусі», — кажа Міхал Зянкевіч.

Чытайце яшчэ:  Гродзенца затрымалі ў Польшчы за стральбу з пісталета

Паводле прадстаўніка гданьскай паліцыі, ніводная асоба ў сувязі з гэтым здарэннем не пацярпела і не была параненая. Сёння гэтая справа будзе перададзеная ў Акружную пракуратуру ў Гданьску.

Паводле адной з версій, затрыманы нібыта хацеў паказаць сваю зброю калегу, але гэта выклікала паніку і падчас мітусні адбыліся выпадковыя стрэлы.

«Усе версіі — пакуль спекуляцыя»

Міхал Зянкевіч пракаментаваў гэтую інфармацыю наступным чынам:

«Мы правяраем усю інфармацыю, у тым ліку і гэтую версію. Калі б мы ў дадзены момант пацвердзілі адну са шматлікіх версій, то гэта была б спекуляцыя. Мы хочам усё дакладна высветліць і тады мы зможам казаць пра дэталі».

Назваць імя або ініцыялы затрыманага прадстаўнік паліцыі адмовіўся. Польскія законы забараняюць называць нават ініцыялы затрыманага, пакуль не будуць праведзеныя следчыя дзеянні. Паводле звестак Свабоды, затрыманы — Сцяпан Свідзерскі, гэта пацвярджае ягоная маці.

Грамадзянін Беларусі ў дадзены момант затрыманы на 48 гадзінаў. Паводле закону, гэты тэрмін можа быць прадоўжаны на чарговыя 24 гадзіны. Рашэнне пра далейшую меру стрымання будзе прымаць пракурор.

Маці: «Ішоў на працу з трэніроўкі, не паспеў завезці зброю дамоў»

Маці Сцяпана Тацяна Свідзерская кажа Свабодзе, што яе сын больш за 6 год працаваў у агенцтве аналітыкам і даўно займаўся спартовай стральбой, а канфліктаў на працы не меў, заўсёды быў законапаслухмяным. Для яе паведамленне пра тое, што Сцяпан нібыта ўчыніў страляніну на працы, стала «поўным шокам»:

«Я пра гэта даведалася ад сяброў, — распавядае Тацяна. — Учора зайшла на Facebook, дзе мелі звязацца са Сцёпам: калі зранку не размаўляем, дык увечары звязваемся.

Я ведала, што ён зранку пайшоў на трэніроўку, яшчэ спытала: „ты што, на працу са сваім дабром пойдзеш“? Ён адказаў, „Напэўна“. Пэўна, ён не паспеў заехаць дамоў, адвезці свае рэчы — не ведаю, чаму.

Ён даўно займаецца стральбой, гады тры страляе, у яго някепскія поспехі, куча медалёў і дыпломаў. У яго ёсць ліцензія на валоданне і нашэнне, усё афіцыйна. Яшчэ хваліўся, што выйграў новы чахол для стрэльбы — першы раз павязе вінтоўку ў новым чахле. Быць можа, хацеў пахваліцца нечым».

Тацяна згадвае, што Сцяпан ніколі не казаў пра нейкія канфлікты на працы. Хоць там ён не меў блізкіх сяброў, але наогул меў шмат сяброў па свеце, меў іншае кола стасункаў, а «на працы трэба працаваць».

Яна дапускае хіба, што сын мог «павыпендрывацца» перад кімсьці, хацеў «бліснуць багаццямі», але не верыць, што ён меў злачынныя намеры.

Сябры Сцяпана звязваліся з Тацянай, казалі, што сёння маюць вырашыць пытанне з адвакатам для Сцяпана. Сама Тацяна збіраецца заўтра выехаць у Гдыню.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: