Дадаць навіну
Чацвер, 23 лістапада 2017, 09:50

Hrodna.life запусціў краўдфандынг-падпіску: далучайся і дапамажы нам рабіць найлепшы гродзенскі рэсурс!

Hrodna.life не проста інфармацыйны рэсурс – мы намагаемся праз нашу працу рабіць Гродна лепшым месцам для жыцця. А цяпер дапамагчы нам у гэтым можа кожны! Мы запускаем краўдфандынгавую кампанію!

Што гэта такое?

Рэдакцыя праз платформу Talaka збірае рэсурсы, дзякуючы якім вы атрымаеце яшчэ больш навін і гісторый у цікавых фарматах. Нашыя падпісчыкі-ахвярадаўцы змогуць праглядаць сайт без рэкламы, атрымліваць падарункі ад рэдакцыі, прыходзіць на планёркі і непасрэдна ўплываць на змест сайта.

Чаму гэта важна?

Сёння жыхары Гродна маюць абмежаваныя магчымасці чытаць якасныя навіны і гісторыі па-беларуску. Сітуацыю выпраўляе Hrodna.life – адзінае незалежнае беларускамоўнае выданне ў горадзе.

Чаму менавіта Hrodna.life варты падтрымкі?

Мы – адзінае ў Гродне выданне з місіяй. Мы бярэмся за тэмы, якія іншыя выданні абмінаюць. Мы пішам пра горад і жыццё ў ім, пра цікавых гараджан, з якімі мы сустракаемся кожны дзень на вуліцах Гродна. І шмат у чым мы ў горадзе – першыя. На аснове нашых публікацый робіць свае сюжэты тэлебачанне і пішуць артыкулы газеты, нас штодзённа перадрукоўваюць буйныя медыі.

Якая ж ваша місія?

Мы сфармулявалі яе так:

Hrodna.life піша пра важныя гарадскія падзеі, пра дасягненні і праблемы Гродна і гродзенцаў, пра гісторыю і сучаснасць горада, пра тое, як зрабіць горад лепшым для жыхароў, і разам з імі змяняе яго да лепшага.

А вы не можаце зарабіць самі?

Hrodna.life зарабляе рэкламай, але мясцовы рынак дастаткова вузкі. Беларускамоўнаму выданню на ім цяжэй. Таму мы спадзяемся атрымаць падтрымку ад тых, для каго важная наша праца і з кім у нас супадаюць каштоўнасці. Толькі падтрымка чытачоў можа дапамагчы нам быць максімальна незалежнымі.

А што я атрымаю акрамя “дзякуй”?

Стаўшы падпісчыкамі, вы далучаецеся да актыўнай каманды, якая робіць наш горад лепшым. Дзякуючы нам на вуліцах Гродна з’явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц і стэнды з гістарычнымі даведкамі для турыстаў. Мы дапамаглі абсталяваць новую пляцоўку для выгулу сабак на Вішняўцы. Пасля нашай публікацыі цэнтр занятасці пачаў адкрывацца на гадзіну раней, каб людзі паспявалі за дзень прынамсі стаць на ўлік беспрацоўных. Пасля нашай публікацыі спыніліся працы каля Фары Вітаўта і быў выкліканы археолаг. Гэта толькі некалькі прыкладаў за апошні год.

Гэта маральнае задавальненне. А што з больш матэрыяльным?

Нашыя падпісчыкі могуць атрымаць фірмовы кубак рэдакцыі і каляндар на 2018 года. Для пастаянных падпісчыкаў (пачынаючы ад пэўнай сумы) бонусы будуць не радзей за раз у квартал. Пра ўсе бонусы на дадзены момант можна прачытаць на старонцы кампаніі. Але з часам іх будзе больш.

Яшчэ раз, што такога важнага робіць Hrodna.life?

Выданне Hrodna.life (да 2016 – “Твой стыль”) ужо 10 гадоў штодзённа дае гродзенцам магчымасць чытаць на беларускай мове не толькі апошнія навіны, але і мноства аўтарскіх тэкстаў на тэму грамадскіх арганізацый, актывізму, валанцёрства, культуры, гісторыі, хобі, экалогіі ды іншых.

Цягам 10 гадоў з Hrodna.life (“Твой стыль”) супрацоўнічала мноства аўтараў.

Нашы журналісты працуюць штодзённа, каб даць вам самыя цікавыя аўтарскія навіны.

Ок, я гатовы дапамагаць!

Хочаш дапамагчы рабіць важныя справы для горада? Станавіся падпісчыкам Hrodna.life!

Хочаш дапамагчы не толькі грашыма, але і сваімі ўменнямі, талентамі і г.д.? Напішы нам на info@hrodna.life і раскажы, як ты хочаш і можаш далучыцца да нас.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: