У пашыраны спіс забароненых зон для дронаў унеслі і цэнтральную частку Гродна

Пералік зон у Беларусі, дзе забаронена выкарыстанне авіямадэлей, папоўніўся на некалькі дзясяткаў пунктаў. Гэта вынікае з пастановы Міністэрства абароны Беларусі ад 27 верасня 2017 года.

Першы такі спіс з’явіўся ў жніўні мінулага года. У ім было 16 пунктаў, у тым ліку цэнтр Мінска, раён Дразды, а ў Гродзенскай вобласці АЭС і «Гродна Азот».

У абноўленым пераліку – 80 радкоў. У Гродне забаронена лятаць практычна ад Новага замка, праз цэнтр горада і далей прыкладна да 20 кіламетраў у напрамку Мінска па трасе М6. Забароненыя палёты і ў раёне Гродзенскай ГЭС.

Да забароненых зон дадаліся Нацыянальны аэрапорт Мінск, рэгіён Мачулішчы, ўчасткі трас М3, М2 і Р80. Таксама закрытыя для палётаў вобласці з’явіліся над Лідай, Пінскам, Лунінцом, Віцебскам, Полацкам і ўздоўж межаў з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Нагадаем, па законе, пад словам «авіямадэль» разумеецца «лятальны апарат без чалавека на борце, кіраванне палётам якога магчыма толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім, а таксама некіравальны свабодналятаючы апарат». У забароненых зонах выкарыстанне авіямадэлей не дапускаецца без ўзгаднення з дзяржорганам (арганізацыяй).

Пры гэтым, згодна з пастановай № 636 ад 16 жніўня 2016 «Аб некаторых пытаннях выкарыстання авіямадэлей ў Рэспубліцы Беларусь», для забеспячэння бяспекі палёту паветраных судоў выкарыстоўваць авіямадэлі можна на вышыні да 100 метраў ад узроўню зямлі (вады).

 

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: